Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > Райчонак Ада Эльеўна

Райчонак Ада Эльеўна

Асобы ў адукацыі [1]

Ада Эльеўна Райчонак - былая вясковая настаўніца – самы знакаміты і незвычайны чалавек наваколля, жыве ў вёсцы Германавічы Шаркаўшчынскага раёну.

Ада Райчонак адпрацавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры да самай пенсіі і ў 2007 г. адсвяткавала свой 70-гадовы юбілей.

Усё жыццё прысвяціла збіраньню ды прапагандзе спадчыны Язэпа Драздовіча, вядомага мастака, этнографа, асветніка. Стварыла ў сваёй вёсцы аж 2 музеі разам з сынам Міхасём, які заўчасна пайшоў з жыцця ў 25 год. Прычым, для апошнага набыла памяшкнне за свае грошы. Такім чынам, дзякуючы настаўніцы вёска мае Музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча і недзяржаўны Літаратурна-мастацкі імя Міхася Райчонка.

Сапраўдны настаўнік – гэта такі чалавек, які ўсё жыццё не толькі вучыць, але і вучыцца. Ада Эльеўна – сапраўдны настаўнік. Яна распавядае: “Быў у мяне музей школьны. І я экскурсіі вяла па-расейску. І прыбег вартаўнік: нейкія людзі хочуць вас бачыць. Гэта былі хлопцы і дзяўчаткі з “Талакі”, “Тутэйшых”. І я ўпершыню пачула, што моладзь гаворыць на беларускай мове. Марылі — Сержукі, Цімохі! Мы гаварылі да раніцы. І я задумалася: а я, беларуска, што раблю для сваёй мовы?!”

Ну чым жа можа займацца вясковая настаўніца на пенсіі? – Вядома, адукацыяй... і гаспадаркай.

Адукацыя
Ада Эльеўна кіраўнічка Культурна-адукацыйнага цэнтру імя Драздовіча – грамадскай арганізацыі, якую яна заснавала з паплечнікамі ў 1995 годзе. За гэты час паспела арганізаваць аж 14 пленэраў. Апошні быў прысвечаны творчасці Рыгора Барадуліна, мінулагодні – Васіля Быкава, пазамінулагодні – Уладзіміра Караткевіча.
Усе вядомыя беларускія мастакі, пісьменнікі, паэты лічаць за гонар наведаць Германавічы, папрацаваць у творчых майстэрнях разам з таленавітымі шаркаўшчынскімі дзеткамі. Дзякуючы пленэрам у музеі з'явілася больш за 100 карцінаў. Сюды з'яжджаюцца людзі з ўсёй віцебшчыны на літаратурныя гасцёўні, сустрэчы, семінары. Не забываецца Ада Эльеўна і на родную школу. Ужо 2 гады кожны выпускнік атрымлівае ад Цэнтру Драздовіча кашулькі з гісторыяй мястэчка Германавічы. Каб памяталі пра свае карані.

Гаспадарка.
Вы памыляецеся, калі думаеце, што былая настаўніца трымае кароўку ды пару курачак. Ада Эльеўна разам з сынам маюць адзіную у гэтай мясцовасці фермерскую гаспадарку. Маюць 60 гектараў зямлі ў арэндзе, два трактары, камбайн. Вырошчваюць моркву, капусту, рапс. Гадуюць свінней, кароў. Падчас мастацкіх пленэраў Ада Эльеўна ўсіх удзельнікаў корміць сваёй бульбай і малаком.
Калі педагог і кінарэжысёр Уладзімір Колас прыехаў рабіць пра Аду Эльеўну фільм, яна якраз варыла на кухні парасяткам, цяляткам, а ён усё гэта і зняў. «Я не разумею, каму цікава на мае рондлі глядзець, а ён кажа, што адны з лепшых кадраў будуць," – здзіўляецца Ада Эльеўна.

Вольны час
У вольны час Ада Эльеўна выдае газету «Бацькаўшчына», займаецца краязнаўствам, палітыкай, унукамі, арганізуе мастацкія выставы у Віцебску, Мінску. Яна ўжо выкупіла і прыводзіць у належны стан сядзібу сусветна вядомага селекцыянера Сікоры. Марыць знесмяроціць у Лужках памяць пра Элізэра Бэн-Егуду (Элі Пэральмана). Менавіта ён, нараджэнец нашага краю, адрадзіў адну са старэйшых моваў свету, мову Старога Запавету. Былая мёртвая мова загучала цяпер па ўсім сьвеце, стала дзяржаўнаю ў Ізраілі. Дзякуючы нашаму земляку-летуценьніку з Лужкоў.
Галоўнае — я раблю беларускую справу, – кажа Ада Эльеўна.

Адкуль жа бярэ сілы Ада Райчонак? Дык ёй жа ўсяго 70!



Падрыхтавала Тамара Мацкевіч
сакавік 2007



Артыкулы па тэме:

Легендарнай настаўніцы з Германавічаў - 75 гадоў [2]
1 чэрвеня 2007 г. адкрылася выстава, прысвечаная Рыгору Барадуліну. (+ фотарэпартаж)
[3]
Германавічы: “І ў правінцыі можна ўсё пераадолець, калі 70 год там жыве Адольеўна!” [3]
Літаратурна-мастацкі драздовіцкі пленэр будзе прысьвечаны Васілю Быкаву [4]


Фэстываль гэбрайскай кнігі ў гонар Бэн-Егуды (Ben Yehuda) [5]
Радзіма чалавека, які адрадзіў мову [6]
Пленэр, прысьвечаны Караткевічу. [7]
Колас зьняў фільм пра “маці плэнэраў” [8]


Зыходны URL: https://nastaunik.eu/national-edu/persons/8952

Спасылкі
[1] https://nastaunik.eu/national-edu/persons
[2] http://westki.info/artykuly/13083/ada-rajconak-pakul-zyvaia-budu-pracavac-na-karysc-bielarusi
[3] http://pbnf.org/index.php?index=2&id=1822
[4] http://209.85.135.104/search?q=cache:vF1xgDbaDA8J:www.svaboda.org/xml/articles/2004/08/45618BF8-9F6D-4A6F-BB86-FC4E307666A6.html+%D0%A0%D0%B0%D0%B9%D1%87%D0%BE%D0%BD%D0%B0%D0%BA+%D0%90%D0%B4%D0%B0&hl=en&ct=clnk&cd=3&client=firefox-a
[5] http://209.85.135.104/search?q=cache:w_tC9ahb3o4J:www.pravapis.org/art_benyehuda3.asp+%D0%A0%D0%B0%D0%B9%D1%87%D0%BE%D0%BD%D0%B0%D0%BA+%D0%90%D0%B4%D0%B0&hl=en&ct=clnk&cd=4&client=firefox-a
[6] http://nn.by/1999/33/13.htm
[7] http://sapega.net/articledisplay.asp?folder=regions&File=np20050706016.xml&node=3
[8] http://www.svaboda.org/content/Article/1049091.html