Мэта: удзельнікі прааналізуюць пару фотаздымкаў аднаго і таго ж месца, зробленых у розны час. Вучні ахарактарызуюць фота як крыніцу інфармацыі для аналізу гістарычна-культурнага ландшафту і абгрунтуюць ролю фота ў медыярэпрэзентацыі змены месца (прасторы) у часе.
Апісанне практыкавання:
1. Настаўнік прапануе фотакейс з пары фатаграфій і фармулюе пытанні да яго.
Паглядзіце на калаж з двух фота аднаго і таго ж месца, зробленых у розны час.
- Ці пазналі вы гэта месца і пабудову?
- Якое фота было зроблена першым, якое — сучаснае?
Планаваны вынік: вучні выкажуць свае меркаванні пра фота: што гэта за месца, якое фота гістарычна першае, а якое сучаснае.
2. Настаўнік прапануе ўдзельнікам праверыць свае гіпотэзы. Вучні (індывідуальна ці ў групах) робяць фотаскрыны і выконваюць пошук па выявах у інтэрнэце: яны знаходзяць інфармацыю пра будынак на фота.
Планаваны вынік: вучні знойдуць інфармацыю пра будынкі на фота (гістарычнае і сучаснае), параўнаюць фатаграфіі, адзначаць змены якія адбыліся (знешні выгляд месца (забудовы), прызначэнне, характар змен, якія адбыліся)
3. Абмеркаванне. Вучні дзеляцца вынікамі сваёй пошукавай дзейнасці і вывучэння інфармацыі пра фота. Адказваюць на пытанне настаўніка і абгрунтоўваюць свой адказ.
- Як і чаму змянілася аблічча горада (якія гістарычныя падзеі падзеі адбыліся, якія сацыяльныя працэсы прывялі да гэтых зменаў)?
Планаваны вынік: вучні выкажуць свае меркаванні аб гістарычных падзеях ці сацыяльных працэсах, якія выклікалі змены ў прасторы (вайна, рэвалюцыя, дзяржаўная палітыка, прыродны катаклізм ці інш.) і абгрунтуюць свае меркаванні.

Адэскі нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета (ваенныя падзеі 1941 і 2022 гг.)
http://viknaodessa.od.ua/old-photo/?teatr_opernyj_1941_1944
https://slippedisc.com/2022/02/russias-art-attack-the-odessa-opera-house...
https://newsrnd.com/life/2022-02-28-the-photo-the-odessa-opera-house-in-...
Калаж з пары фота, якія ілюструюць змены аднаго і таго ж месца ў часе, можна выкарыстаць як гістарычную задачу ці ключавое пытанне да ўрока. Рашэнне задачы немагчымае без уважлівага вывучэння фота і працы з іншымі гістарычнымі крыніцамі (картамі, малюнкамі, карцінамі, архіўнымі матэрыяламі і інш.). Па сутнасці, тут патрабуецца работа са зрэзам прасторы ў часе — аналіз гістарычна-культурнага ландшафту, які адлюстроўвае дзейнасць чалавека і змены ў грамадстве. Звяртаць увагу трэба не столькі на архітэктурны стыль пэўнай забудовы, колькі на змены стаўлення грамадства да гэтага месца і яго функцый у грамадскай прасторы.
Самая складаная работа: падабраць матэрыял для фотакалажу (рэкамендуецца выкарыстаць фота населенага пункта, дзе жывуць вучні).