Архіў Міколы Аляксеевіча Козенкі – гэта этнаграфічныя відэазапісы, зробленыя з 1980-х па 2010-я гады па ўсёй Беларусі. Мікола Козенка – збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры. Усё жыццё Мікола Аляксеевіч прысвяціў традыцыйнаму танцу. Яго называюць адным з самых вядомых этнахарэографаў і этнапедагогаў Беларусі. З 1970-х гадоў і да сёння Мікола Козенка вывучае танцавальную культуру беларусаў і папулярызуе яе праз выкладанне, шматлікія майстар-класы, выступленні і арганізацыю фальклорных фестываляў. Архіў Міколы Козенкі рознабакова прадстаўляе беларускую традыцыйную культуру. Увага даследчыка найперш скіравана на танцавальнае майстэрства нашых продкаў, таму гэты пласт зафіксаваны найбольш поўна. Таксама ў запісах сустракаюцца такія віды народнай творчасці, як песні, прыпеўкі, абрады, гульні, карагоды. Праект па апрацоўцы архіва – некамерцыйная і валанцёрская ініцыятыва.