Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў
Апублікавана на Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў (https://nastaunik.eu)

Галоўная старонка > ЧЫРВОНАЯ ШАПАЧКА ад розных мас-медыя

ЧЫРВОНАЯ ШАПАЧКА ад розных мас-медыя

Класнаму кіраўніку [1]
Медыяадукацыя [2]

Якія складнікі лічбавай кампетэнціы набудуць вучні:

  • веды: будуць ведаць і разумець, як медыя могуць скажаць інфармацыю без выкарыстання фэйкаў, што такое рэдакцыйная палітыка, паняцці: павестка медыя, уласнік медыя, мэтавая група, маніпуляванне інфармацыяй, журналісцкая этыка
  • навыкі: удасканаляць уменне ствараць інфармацыйнае паведамленне з зададзенай мэтай;
  • каштоўнасці: - крытычнае і рэфлексіўнае стаўленне да даступнай інфармацыі,

 

Час: 45 хвілін

МЭТЫ ПРАКТЫКАВАННЯ

Навыкі крытычнага мыслення, вывучэнне паняццяў "пункт гледжання" і "рэдакцыйная палітыка" на канкрэтных прыкладах, вывучэнне крыніц медыйнай інфармацыі для супастаўлення розных пунктаў гледжання.

АБСТАЛЯВАННЕ

Абсталяванне для паказу фрагментаў відэа, папера А1, фламастэры.

АПІСАННЕ ПРАКТЫКАВАННЯ

Настаўнік пытаецца, ці ўсе памятаюць сюжэт казкі пра Чырвоную Шапачку, пры патрэбе коратка нагадвае ўдзельнікам сюжэт і распавядае пра вядомыя экранізацыі з выкарыстаннем кадраў і/ці невялікіх відэафрагментаў:

  • «Чырвоная Шапачка», казка: https://www.youtube.com/watch?v=nSbrmRMIJVY [3]
  •  «Чырвона Каптурок», мультфільм (ЗША, 2005)  https://kinakipa.site/movie?id=88737 [4]
  • «Петя и Красная Шапочка», Союзмультфильм, 1958 г. https://youtu.be/Z9EU2yMe_P0?t=188 [5]

Вучні аб'ядноўваюцца ў групы па 3 - 5 чалавек. Задача кожнай групы - пераказаць сюжэт казкі ў фармаце журналісцкага матэрыялу для:

·       Газеты «Ваўчыная праўда», якая расказвае пра неабходнасць ахоўваць і абараняць ваўкоў — жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу;

·       Сайта «Піларама» - афіцыйнага сайта  казачнага каралеўства, які праслаўляе подзвігі дрывасекаў і іншых жыхароў;

·       Блога  «Абаронім дзяцей». Блогер - абаронца правоў дзяцей, які выступае супраць жорсткіх бацькоў, што адпраўляюць дзяцей у лес.

Пасля кароткай падрыхтоўкі (15 - 20 хвілін) кожная з міні-груп прапануе сваю версію медыяпрадукта ў зручнай для яе форме (чытанне тэксту, інсцэніроўка інтэрв'ю ці рэпартажу і г. д.).

Пытанні для абмеркавання:

  • Чаму розныя мас-медыя па-рознаму асвятляюць адны і тыя ж падзеі?
  • Ці можна з упэўненасцю сцвярджаць, што адны медыя хлусяць, а іншыя - кажуць праўду?
  • Прывядзіце прыклады асвятлення падзей з сучасных мас-медыя, удзельнікі якіх, падобна героям казкі, атрымліваюць дыяметральна супрацьлеглую ацэнку ў розных медыя (у тым ліку — розных краін).
  • Наколькі часта людзі схільныя чуць толькі адзін пункт гледжання і лічаць адзіна правільнай інтэрпрэтацыю падзей, прапанаваную ім тым ці іншым медыя?

Настаўнік раздае вучням раздрукоўкі ці чытае тэкст пісьменніка Сяргея Узуна.  Тэкст «Казкі - дзецям» [6] з блогу Сяргея Узуна (у перкладзе):

  - Дзядуля, раскажы нам казку, - папрасілі дзеці.

  - Сядайце, падшыванцы, - хітра ўсміхнуўся стары і адклаў газету. - Я раскажу вам казку.

Жыў-быў воўк. Вялізны, страшны шэры воўк. Вялізны, як воўк, страшны, як крык суседкі з першага паверха, шэры, як маё жыццё. Воўк жыў у лесе, як водзіцца ва ўсіх ваўкоў. Вялізнаму ваўку патрабавалася велізарная колькасць ежы, але ўсю дзічыну ў лесе вечна палохалі людзі: шумныя, грубыя дрывасекі, дзяўчаткі, якія спяваюць свае песні, людзі, якія паступова адваёўваюць у леса месца для сваіх агародаў і дамоў. Велічная жывёла пачала проста галадаць. Моцны і свабодалюбівы звер, не мог знайсці сабе ежы. На сцяжынках, дзе ён некалі паляваў, цяпер гулялі дзеці, гучна спяваючы песні і адганяючы зайцоў. І ў нейкі дзень воўк не стрываў і пайшоў да дома, які нахабныя людзі пабудавалі проста ў лесе. Ён уварваўся ў дом і праглынуў нейкую бабульку. Пасля ежы ён хацеў адпачыць і прылёг на апусцелы ложак. Але і паспаць яму не далі. З'явілася дзяўчынка, якая задавала дурныя пытанні. І калі воўк ужо хацеў зжэрці і яе, яна падняла крык. На крык прыбеглі дрывасекі і забілі ваўка. І нават з мёртвага ваўка яны здзекаваліся. Яны распаролі яму жывот і ганарыліся сваім зверствам. Так загінуў апошні з высакародных ваўкоў.

  - Дрывасекі  - каты! - гнеўна закрычаў адзін з дзяцей. - Я вырасту і адпомшчу ім.

  - Ты памыляешся, - спакойна адказаў стары, раскурваючы люльку. - Дрывасекі - адважныя, моцныя людзі, якія, нягледзячы на ​​дзікіх, крыважэрных звяроў, працавалі не пакладаючы рук, каб забяспечыць старых і дзяцей  дровамі, неабходнымі для ацяплення дамоў. Яны кінуліся на дапамогу, калі пачулі немы крык маленькай дзяўчынкі. Страшная карціна прадставілася іх вачам у доме: вялізны, страшны воўк, і бабуля, якая яшчэ варушыцца ў жываце жывёлы і ногі маленькай дзяўчынкі ў пашчы звера. Воўк спрабаваў праглынуць яе жыўцом. Дрывасекі не маглі не дапамагчы бабульцы і маленькай дзяўчынцы. І пуза ваўку яны распаролі толькі дзеля таго, каб выратаваць бездапаможных людзей. І, дзякуй богу, ім гэта ўдалося.

 - Дзяўчынка дрэнная! Дзяўчынка! - сказаў другі хлопчык, - Воўк прыйшоў да бабулі па ўказцы гэтай маленькай дзяўчынкі. - Гэта ж менавіта яна расказала ваўку дзе знайсці бабулю.

-       Так, гэта дзяўчынка кепская такая! – пацвердзілі дзеці.

 - І зноў вы памыляецеся, - пакруціў галавой стары. - Дзяўчынка была добра выхаваная. Яна не магла схлусіць ваўку, таму што хлусіць нельга ні ў якім разе. Яна несла сваёй бабулі піражкоў. Не спалохалася дрымучага лесу, пайшла толькі для таго, каб бабуля не адчувала сябе забытай у сваёй хаце ў дрымучым лесе. І дзяўчынка не па сваёй волі пайшла ў лес. Яе адправіла маці. Маленькую дзяўчынку. Адну. У лес. З-за нейкіх піражкоў...

  - Маці дзяўчынкі - дрэнная! - усклікнулі дзеці.

  - Зусім не, - запярэчыў стары. - Жанчына думала пра сваю маці - яна паслала ёй гасцінец. Яна правільна выхавала дачку. Жанчына не магла сама аднесці гасцінец - яна ўсю ноч вазілася з гэтымі піражкамі, і ногі ўжо не трымалі яе.

  - Бабулька! Бабулька дрэнная!! Навошта ёй было жыць у лесе? Навошта? - знайшоўся адзін з дзяцей.

  - Сталая жанчына вырашыла правесці астатак дзён на прыродзе, - спакойна сказаў стары. - Ёй нічога не трэба было - толькі спакой, гародзік і каб родныя зрэдку наведвалі яе. Але да яе падманам уварвалася моцная, дзікая жывёла і праглынула яе цалкам. І потым нахабны воўк не уцёк ад беднай бабулькі, а лёг на яе ложак. Ці гэта не здзек?!

  - Ты нас заблытаў, дзядуля! - пакрыўджана сказалі дзеці. - У цябе ўсе атрымліваюцца то добрымі, то дрэннымі! Хто ў гэтай казцы дрэнна, а?

  - А гэта, дзеці, ад апавядальніка залежыць, - усміхнуўся стары. - Як ён вырашыць, так і будзе.

  - Значыць апавядальнік хлусіць? - хітра прыжмурылася адна дзяўчынка.

  - Ніводнага слова няпраўды. Клянуся! - запэўніў стары. - Усё так і было, як я расказаў.

  - Гэта абы што атрымліваецца нейкае! - тупнула нагой дзяўчынка. - Ніводнага слова няпраўды, а дрэннымі аказваюцца то адны, то другія.

 - Гэта не абы што, дзеці, - падняўся стары і падабраў сваю газету, - гэта журналістыка.

Крыніца medianavigator.org

 

Малюнак: 

Зыходны URL: https://nastaunik.eu/node/19041

Спасылкі
[1] https://nastaunik.eu/workshop/class-teacher
[2] https://nastaunik.eu/media/edu
[3] https://www.youtube.com/watch?v=nSbrmRMIJVY
[4] https://kinakipa.site/movie?id=88737
[5] https://youtu.be/Z9EU2yMe_P0?t=188
[6] https://frumich.livejournal.com/263000.html