У інфармацыйнай вайны не дзіцячы твар

Міхал Будаеў
13.03.2021

Беларуская рэчаіснасць нагадвае сапраўднае поле боя. З усіх бакоў чуюцца чарговыя заявы дзяржаўных прапагандыстаў аб коле ворагаў, што знаходзяцца з усіх бакоў: здрадніках, экстрэмістах і тэрарыстах з бел-чырвона-белымі сцягамі. З людзей, якія змагаюцца за дэмакратычныя перамены ў краіне, імкнуцца зрабіць ворагаў уласнага народа у вачах тэлеглядачоў і чытачоў газет. Супрацьстаянне толькі нарастае і шматлікая армія ідэалагічных войскаў дзеючай улады распачынае барацьбу на новых напрамках. Адзін з такіх напрамкаў – прапагандысцкая работа з дзецьмі.

photo-2021-03-13-11-27-26-2

13 сакавіка ў гарадскім доме культуры Дзяржынска адбылась інфармацыйная атака сапраўднага спецназа прапагандысцкай арміі. Скандальна вядомыя Рыгор Азаронак і Юлія Арцюх правялі сустрэчу з навучэнцамі школ горада. Адзначым, што на мерапрыемства для лепшай карцінкі “запрасілі” і вайскоўцаў тэрміновай службы.

photo-2021-03-13-11-27-21

Прапагандысцкую спецаперацыю па інфармацыйнаму ўздзеянню на падрастаючае пакаленне падтрымлівалі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна: намеснік старшыні райвыканкама Вольга Ігнатава і начальнік упраўлення па адукацыі Галіна Гапанькова.

photo-2021-03-13-16-34-08

Цяжка нават уявіць, што школьнікі самастойна вырашылі наведаць настолькі “цікавае” мерапрыемства, а гэта дае падставу падазраваць пра існаванне адміністрацыйнага рэсурса, які звычайна спрацоўвае ў такіх выпадках.

photo-2021-03-13-11-27-26

Але, негледзячы на тое, што дзяржынскія чыноўнікі ад адукацыі не цураюцца ўцягваць дзяцей у такія неадназначныя сустрэчы з такімі ж неадназначнымі гасцямі, хочацца верыць, што ёсць пэўная карысць. Спадзяюсь, дзеці адчуюць масштабы хлусні, што выліваюць на іх у велічэзнай колькасці, і зробяць уласны выбар на карысць праўды і справядлівасці.