А сёння сто год "Маладняку") Роўна сто год таму пяцёра вельмі маладых хлапцоў – маладзейшаму з прысутных, Алесю Дайлідовічу, было 18, старэйшаму, Адаму Бабарэку, 24 – сабраліся ўвечары ў цёмным закутку клуба КІМ (цяпер на тым месцы – крыло Цэнтральнай кнігарні) і пры няпэўным святле свечкі запачаткавалі Усебеларускае аб'яднанне паэтаў і пісьменнікаў "Маладняк".
Яны казалі, што пісаць цяпер трэба па-новаму, а не пра вёску, беднага мужыка, праклятых паноў і пяць лыжак заціркі. Эксперыментавалі з тэмамі, жанрамі, рытмамі і рыфмамі, ездзілі па Беларусі з лекцыямі і выступамі, стваралі філіі, выдавалі часопісы і альманахі, мелі сваё выдавецтва і кніжную серыю, сваіх крытыкаў, публіцыстаў, свае грандыёзныя бульбасрачы, скандалы, інтрыгі і свары.
Яны праіснавалі ўсяго пяць год, і былі знішчаныя наступам уніфікаваных пісьменніцкіх ворганаў, але паспелі даць выключна эфектыўнага пендзеля ўсяму, да чаго дацягнуліся: і беларускай крытыцы, і беларускай паэзіі, і літаратурнай перыёдыцы, і нават крыху прозе.
У дзевяностыя гады ў гістарычнага "Маладняка" была надзвычай дрэнная рэпутацыя ў інтэлектуальных колах: маўляў, пісалі адныя дрындушкі пра партыю і камсамол. Так, пісалі, і дрындушкі, і пра камсамол. Але акрамя іх стварылі першую ў Беларусі сістэму прафесійнай літаратурнай адукацыі, пабудавалі сацыяльныя ліфты для ўсіх, хто хацеў пісаць па-беларуску, пакінулі па сабе безліч сапраўды вартых радкоў, вершаў, паэм і кніг.
Нават гэты тупы і непісьменны міф пра маладнякоўцаў, якія быццам бы акрамя бурапены нічога не зрабілі і быццам бы адно абслугоўвалі савецкую ўладу, нарадзіўся часткай з вельмі кранальнай гісторыі. Калі пасля смерці Сталіна з высылак і вечных пасяленняў пачалі вяртацца выжыўшыя колішнія маладнякоўцы – Шушкевіч, Хведаровіч, Чарнушэвіч - яны перш-наперш склалі і апублікавалі кніжачкі выбраных твораў сваіх загінулых сяброў. Не свае – а іх. Што яны маглі паставіць у тыя кніжачкі, якія мусілі прабіваць лбамі сцяну? Канешне, агіткі і дрындушкі пра камсамол, што ж яшчэ.
Гэта і маё свята, хаця я сёння і не магу быць там, дзе стагоддзе адзначаецца публічна. Важна, што нават без нас (колькі даследчыкаў сёння не могуць прысутнічаць на мерапрыемствах – йо-хо-хо, маладнякоўцы мяне зразумеюць) – але яно адзначаецца. Усё недарэмна.