06.01.2025
Гэта так званы КАНТРАСТЫЎНА-МІНІМАЛЬНЫ спосаб для самавукаў: шпаргалка-памятка, прымацаваная ля кампутарнай друкаркі.
Пачну з “два-дзве, абодва-абедзве”.
1. Дзвюма кнігамі. Але двума хлопцамі. Абедзве настаўніцы. Але абодва настаўнікі. Абодвума настаўнікамі. Абедзвюма настаўніцамі.
2. Дзве, тры, чатыры ноВЫЯ вучаніцы / вучні. Пачынаючы з ПЯЦІ – ЫХ, ІХ: пяць ноВЫХ вучняў, шэсць сіНІХ сшыткаў.
3. Здзеквацца, кпіць, смяяцца, пацвельваць, пацяшацца і г. д. – З КАГО? З малодшага брата, калекі, з тупасці начальства, з няўклюднасці кампліментаў … і г. д. Не блытаць – цешыцца ЧЫМ? Я цешуся такім сяброўствам.
4. Хварэць, захварэць НА.. Захварэў на адзёр, на сухоты/туберкулёз, запаленне лёгкіх …
5. Дзякаваць КАМУ? Дачцэ, мацеры (матцы, маці), Янку Купалу, Кандрату Крапіве, Пецевай сястры, мінскай сяброўцы …
6. Ажаніцца З: з суседкай, з прыблуднай чужой дзеўкай, з люблянай усімі мясцовай пяюлляй, ткалляй і пралляй, з Зінай Бандарэнка (я ўжываю і форму “з Бандарэнкай”), Анэляй Мурашкай, Мартай Шамшура (я скланяю, ўжываю “з Шамшурай”, бо ведаю, што значыць гэтае слова-мянушка).
7. Па горадзе, у Пецярбурзе, у Астанкіне, у Фарынаве, у Веравойшы, у Жалудку, на Росах, у Віцкаўшчыне, у Іслачы, пад Радашкавічамі …
8. ЗА ДВА КІЛАМЕРЫ АД: Мінска, лесу, ад прыпынку аўтобуса …
9. Закалолі кабана ПУДОЎ НА ДЗЕСЯЦЬ … (магчыма – кабана пудоў дзесяць), дом плошчай НА 300 кв. метраў (магчыма – плошчай 300 кв. м. ) …
10. Думаць САМОМУ САБЕ (рас. “думать про себя”): “Ну, сабе думаю, - нічога ў цябе са мной не атрымаецца, дзе сядзеш, там і злезеш …”. “А сам сабе думаю: дзе я мог яго бачыць?”. “Дзеці, чытайце самі сабе, не гудзіце! “.
11. Я САМ САБЕ не злоснік.
12. Думаць не толькі ПРА СЯБЕ, але пра сяброў.
13. Па/у асобНЫХ МЯСЦІНАХ , па палЯХ, па лясАХ.
14. ГНАНЫ ветрам лісток, ДЗЕЙНЫЯ асобы, РАСХВАЛЯВАНАЕ мора, мы ніжэй ПАДПІСАНЫЯ, БЫСТРАЦЕЧНАЯ рака (у нас нават ёсць мясцовыя рэкі з назвай “Быстрыца; у Багдановіча – “між гор ліючайся ракі” – цяпер не норма), ХУТКАПЛЫННЫ час …
15. Крупы, грудзі, маліны, дзверы (дзверцы) … Пайшоў у грыбы, у ягады, на рыбу, адна малініна, адна чарнічына (Канцоўка "-іна" як паказчык АДЗІНКАВАСЦІ апошнім часам становіцца амаль нормай пад уплывам аўтарытэтных носьбітаў мовы, прадстаўнікоў паўночна-усходніх гаворак, напрыклад Рыгора Барадуліна). Сёння на кірмашы танныя яйкі (нельга, як у расійскай – “крупное йійцо”), назбіраў малін, чарніц, паземак, буякоў, марошкі … “Завесці (некага) ў маліны” - спрычыніцца да дзеяння, якое паставіць некага ў прыкрае становішча.
16. Я сказаў БЫ, я Б сказаў (не трэба думаць пра слова, якое начынаецца на “ЕБ, ЯБ” і пісаць “я БЫ сказала”, гэта – блытаць гітару і бідэ) , я пайшоў бы, яна б пайшла, мы пайшлі б (“Мы б пайшлі” – цяжэй вымаўляць).
17. СПРЭЧНА ДЛЯ МЯНЕ, што трэба пісаць “СА СВАЁЙ сястрой, а не З СВАЁЙ сястрой”, нават “З СТРЫЕЧНЫМ БРАТАМ”, а не “са стрыечным”. Маё вуха не помніць, каб хто так “на вясковым пленэры “ гаварыў. І на Тураўшчыне не чуў, і ў Гарадзеі не чуў, і пад Свяцілавічамі не чуў. Мы дома гаварылі “З СВАЁЙ”, і ніхто не душыўся і не захліпаўся. Ні на чым не настойваю. Проста ўзгадваю.
18. СямнадцатАГА верасня, ПершаГА МАЯ …(дня, а не чысла).
19. Зваротак “ХЛОПЧЫКІ і ДЗЯЎЧЫНКІ” , як па мне, -- дурная рэкамендацыя “класнага рэжыму” апошніх гадоў, адрыжка усякіх квазіеўрапейскіх феміністычных штучак. Усе школьнікі – і выпускнікі ў тым ліку -- дзеці. Школьніцы – дзяўчаты, дзяўчаткі, хлопцы – юнакі, калі хочаце, маладзёны, дзецюкі, “мужчыны”, кавалеры, “дзясяты клас” …
20. Тры дзяўчыны/трое дзяўчат, тры незнаёмыя дзяўчыны (тут “дзяўчаты” не падыходзіць).
21. Вы гледзіце, несяце/ё, жывяце/ё, стаіце/ё, вісіцé/ё на перакладзіне (“І” не змяняецца), пішаце, бежыце/ё і г. д. Націск і галосны кораня правяраецца па форме 3-й асобы адзіночнага ліку: ён пішА, стаіць, жывЕ, бяжЫць, нясЕ …
22. Нерв, мозг, метр, рэзерв і г.д. цяжка вымаўляць. У гаворках замяняецца на множны лік: нервы, мазгі, рэзервы; “метр” можа стаць жаночага роду: “Куды ты метрУ (або нават МЕТРА) па ставіў?”. “Мозг” можа ператварыцца ў “мозак”. У навуковай літаратуры, калі нельга спрасціць, трэба выкручваць язык і старацца. Калі я пісаў раздзел “Арфаэпія” у падручнік для педінстытутаў (гэта быў , здаецца, 1989 год) я напісаў (і Міністэства асветы дапусціла да друку), што словы “міністр”, “вепр”, “зубр” і г. д. трэба вымаўляць з “вакалічнай пракладкай, падобнай на /а/, -- амаль “ЗУБАР, ВЕПАР, МЕТАР” . Сюды ж і – ПОЛАЦАК, а не ПОЛАЦК.
23. ПРЫНАЛЕЖНЫЯ ПРЫМЕТНІКІ на закуску: мамін, матчын, мацерын, сястрын, братаў, бацькаў, пляменнічын, ятроўчын, швагерчын, цешчын, цесцеў, шваграў, сватаў, сваццін, унукаў, унуччын тэлефон, унуччына хустка, Пецеў брат, Колеў пляменнік, меншы Ціцішын сын (ягоная маці Ціціха, бо мужа завуць Ціт) … У розных гаворках ёсць свае традыцыі пры чаргаванні шыпячых з заднеязычнымі
/г/ /к/ /х/: Вольга – Вользін – Вольжын, Еўга – Еўжын. У нас было: Каваліха – кавалісін сын, старажыха – старажысін заробак. Бо, відаць, СТАРАЖЫШЫН было для мясцовага вуха і вымаўлення не звыкла. Але ад імя АНАХ – АНАШЫХА (жонка) “АНАШЫШЫН большы малец” было як я напісаў. Тут, магчыма, можна дапускаць варыянты. У Шамякіна (Гомельшчына) – ВОЛЬЗІН, як у нас на Ветраншчыне (паўночна-усходнія гаворкі).
24. Крапівоўскі, купалаўскі, петрушоўскі (калі уладальнік прозвішча запісаўся ў пашпарце “ПетрушА”) , скарынаўскі (не скарынінскі!), багдановічаўскі, бялыніцка-бірУлеўскі (бо Бялыніцкі-БірУля, а не “бірулЯ”),
25. Гётэўскі (бо англасакс), “батЭўскія гульцы, бо ад скароту БАТЭ, але “ГАШАЎСКІЯ літаратурныя героі”, бо славянін.
. Французы завуць Шапэна “ФрЭдэрык”, а палякі “ФрЫдэрык” , МЕТРАпалітаўскія клейноды (хрысціяне заходняга абраду), МІТРАпалітаўская мантыя ( праваслаўныя) . Тут залежыць ад традыцыі вымаўлення грэцкай “эты/іты”.
26. І зусім наастачу -- прыназоўнік З-ЗА: У расійскай мове ён ужываецца для абазначэння і прычыны, і ў прасторавым значэнні: "из-за тебя мы опоздали", и "из-за леса выплывала туча". У нас: ПРАЗ ЦЯБЕ МЫ СПАЗНІЛІСЯ. Або: Ты вінаваты (твая віна), што мы спазніліся. Іншая магчымасць: З той прычыны, з прычыны таго, што ... Уявіце сабе сказ: "З-за ЗАСУХІ сёлета быў дрэнны ўраджай".Што нельга сказаць прасцей?
Можна працягваць будаваць “скрыначкі” з лексікі (навыкі складаць дэфініцыі, асацыятыўныя гнёзды, сістэмы граматычных дзеяслоўных формаў пры гульні у напісанні “вынаходніцкіх патэнтаў: рэчыва, спосаб, канструкцыя), як гэта робіцца пры вывучэнні замежных моў.
Думаю, кожны, хто быў аднойчы рэпетытарам, мае свой досвед “асліных масткоў” і штучных асацыяцый.
PS. 27. У працэсе спрэчак сёння намаляваўся яшчэ адзін пункт (іх будуць яшчэ дзясяткі): зваротак у афіцыйных лістах "ПАВАЖАНЫ СЯРГЕЙ ПЯТРОВІЧ" гучыць як "МИЛОСТИВЫЙ ГОСУДАРЬ побач з "государь" (цар). Карэктна: глыбока, вельмі паважаны, вельмі шанаваны, шаноўны, сп. (сп-ня) ці ў форме "імя+ па бацьку" -- проста: Сяргей Пятровіч!. Я звычайна пішу без клічніка, а з коскай. Узяў ад немцаў. Мне падабаецца.
Крыніца - ФБ старонка Пётры Садоўскага