Іду да хаты з электрычкі. Цёмна, для нашага раёнчыка гэта ўжо зусім ноч, асабліва пасярод тыдня. Спяць ужо не толькі прыстойныя людзі, але і непрыстойныя. Бачу, пад дрэвам стаіць мужчына.
Стаіць у хатніх шлёпках, сямейных трусах і майцы-алкагалічцы. Рукі складзены на грудзях, як у Напалеона. Утаропіўся вачыма ў зямлю і стаіць. Не хістаецца, не мармыча, нічога такога, цалкам нармальны, падцягнуты, прыгожы на свой узрост сівы мужчына ў трусах.
У мяне ў галаве пачынае трымцець сюжэт, нават некалькі сюжэтаў. Напрыклад, чалавек засцігнуты ўвечары неразвязанымі экзістэнцыйнымі пытаннямі. Альбо наша беларускае - выйшаў "паныць душой". Маладая каханка. Жонка захварэла.
І тут ён падымае галаву ў неба і ціха кажа ў разлапістае дрэва:
- Кс-кс-кс, бл.....
А яму ціхенька адтуль:
- Мя....
…
Згадалася, як я калісьці напрыканцы дзевяностых некалькі дзён працавала ў пэйджынгавай кампаніі аператарам. Час быў цяжкі, грошай адчайна не хапала, настаўніцкі заробак, нават з маімі двума стаўкамі, быў мізэрны, таму я пайшла на начныя змены ў кампанію Весса-бел.
Досвед той быў хаця кароткі, але эпічны. Што толькі людзі не надыктоўвалі ў пэйджар! Пагрозы самагубствам, праклёны сёстрам и братам, спісы прадуктаў у начны супермаркет, прызнанні ў каханні, іншы раз гэта былі агромністыя просціны тэксту, якія немагчыма было надрукаваць аднаму аператару, і тады ўся змена па сказах прымала і адпраўляла душараздзіральныя гісторыі, якім не было канца і края. Асабліва мяне ўразіла адна дзяўчына, якая збіралася выйсці ў вакно, і барабаніла на пэйджар хлопцу, апісваючы ўвесь працэс. А я аператар, я нічога не магу, акрамя як набраць тэкст і націснуць на пімпачку. Мне было крыху за дваццаць, і я была не гатовая да такога.
Апошняй кропляй стала раніца: я скончыла змену, пару гадзін пакімарыла і пайшла на свае сем урокаў. Празвінеў званок, дзеці ўсталі за партамі, падраўняліся, я счакала, пакуль настане цішыня – і ў гэтай цішыні сказала:
- Оператор Вессо-Бел, здравствуйте!
…
Два дні ў нас на раёне не было вады. Знікла яна цалкам нечакана, народ замітусіўся, але ў мяне муж – крымчанін, правёў у Крыму дзяцінства і юнацтва, з вадой там заўсёды была праблема, адпаведна ў нас у любы момант ёсць добры запас вады, і пітной, і тэхнічнай, прычым у прамысловых маштабах: дзве каністры па 20 літраў і літраў 15 па бутэльках (вось што такое траўматычны досвед дзяцінства).
Сёння ўвечары запасы сталі падыходзіць да свайго лагічнага фіналу, і я троху засумавала, бо вадой не закупілася, а ў крамах ужо няма. Легла я на канапу паныць душой з такіх драматычных абставін, бо заўтра мушу мець чыстую галаву, посуд таксама ўвесь брудны, ежу ўсю паелі, ані табе бульбы памыць, ані супа зварыць, лыжкі не апаласнуць. Легла – і ўключыла сабе Бетховена, які часцяком дапамагае мне ў маім прыватным адчаі.
І вось пасярэдзіне дзявятай сімфоніі ваду далі! Ледзь бяжыць, кволым такім цурочкам, бо ўвесь дом адкруціў краны, але ж бяжыць!
А Бетховен напісаў шмат! Пад дзявятую сімфонію я нацадзіла каністру, пад пятую - бутэлькі, а пад уверцюру "Эгмонт" вымыла посуд. Суп таксама варыцца пад "Эгмонта", якога слухаю на рэпіце трэці раз – ну невераемная, боская музыка, што ж такое, як гэта можна было напісаць, ніяк не ўразумею.
І так гэта ўсё ў мяне рыфмуецца, Бетховен, вада і паступовае аднаўленне народнай гаспадаркі, што ажно прабліснула ўва мне колішняе добра мне вядомае, але ўжо чатыры гады як падзабытае адчуванне чалавечай усемагутнасці і ўласнай непераможнасці.
Таму тэрапеўтычнага і духаўздымнага "Эгмонта" пакіну вам у першым каментары: дырыжор Леанард Бернстайн. Вы ж ведаеце, пэўна, што Бетховена варта слухаць толькі праз Бернстайна, а самога Бернстайна падчас выканання Бетховена трэба яшчэ і глядзець:)
Да, не забудзьцеся пагугліць змест "Эгмонта", калі што:)
…
Раніца, прыпынак. Чалавек з характэрна апухлым тварам і дрыжачымі рукамі пытаецца ў мяне:
- Жэншчына, можа, рубель ёсць?
- Не, - кажу, - няма.
Ён нікне, на твары адчай. Некаторы час проста стаіць побач, і пытаецца ў роспачы:
- А сколькі ўрэмя? Восем ёсць?
- Не, васьмі няма.
- Што, і васьмі няма?!
Той выпадак, калі нічога няма, ані рубля, ані васьмі.
…
Мы сёння пасядзелі-пасядзелі ў хаце адны, дый таксама паехалі падыхаць у восеньскі лес. Паблукалі там троху, палюбаваліся на палі-бары, недзе ўлезлі ў ваўчкі і паехалі дадому з адчуваннем выкананай праграмы.
І ўжо дома, меланхалічна абіраючы тыя ваўчкі з вопраткі, сталі згадваць, як купалі ў іх малую Жэню. Была ў яе спецыяльная балейка для купання, спецыяльная пялюшка для купання, і кожны дзень новы ўзвар для купання, то з ваўчкоў, то з рамонкаў, то са светаянніку.
- А Любу мы ўжо купалі, здаецца, проста ў нейкім тазіку і проста ў вадзе, і без пялюшкі. Мо, раз на тыдзень сыпалі якой марганцоўкі. А вось Іллю – і не памятаю, – кажу я мужу.
Ён задумаўся і адказвае:
- Іллю? Іллю, напэўна, проста за нагу ў ванне паласкалі...