27.09.2024
ЯК БЕРАГЧЫ ЗДАРОЎЕ І ЗНАХОДЗІЦЬ ГОДНЫ ВАРЫЯНТ ПАВОДЗІНАЎ ПРЫ МОЎНЫХ СУТЫЧКАХ Ў “ПРЫСУТНЫХ МЕСЦАХ” СЁННЯШНЯЙ БЕЛАРУСІ (УЛАСНЫ ДОСВЕД, ВЕЛЬМІ АСАБІСТЫ)
НАГОДА ДЛЯ НАПІСАННЯ ТЭКСТУ:
Пранізліва кранальны верш Антаніны Хатэнкі пра сябе, адзінокую чужаніцу з роднай мовай у чэраве варожага беларускага поліса …
Цытаваць не буду. Як заўсёды – усё на месцы, ніводнай парушынкі недарэчнасці, гармонія. Апошнім часам паэтка жыве ў мінорным сузіральным свеце.
Падзяляю пачуцці Антаніны. Вельмі знаёма: “Гаварыце на нармальнам языке!”, “Я не панімаю па-беларускі” , “Што вы з эцім беларускім языком вылязаеце…”.
Звычайна так гавораць нашы ўласныя “лаўручкі” (алюзія на Змітрака Бядулю. “На каляды да сына”). Гастарбайтэры з азіяцкіх рэспублік і прыезджыя з Расіі хамства дапускаюць рэдка ў параўнанні з сваімі. НАША ХАМСТВА ГЭТА САМАХАМСТВА, самапрыніжэнне. Ад абруселых украінцаў, што збеглі да нас ад мабілізацыі дома, хамства таксама можна чакаць.
Толькі аднойчы каля газетнага кіёска адна кабета азіяцкай знешнасці кінула мне не вельмі даліктную заўвагу. Я правёў з ёй выхаваўчую працу.
Мужчыну лягчэй, калі ты не худы і не кульгавы. Канешне, не п’яны і не выглядаеш бамжавата.
МОЙ МАЎЛЕНЧЫ ДОСВЕД І НАЗІРАННІ
Хацеў бы падзяліцца некаторымі ўласнымі развагамі і хітрасцямі. Што трэба разумець?
Прыняць стан рэчаў як данасць, у якой прыйдзецца працяглы час існаваць.
НАВАТ КАЛІ ПАСЛЯ ЗАКАНЧЭННЯ ВАЙНЫ ВА ЎКРАІНЕ ПАЧНЕЦЦА ПЕРАФАРМАТАВАННЕ УСЯГО НАШАГА РЭГІЁНА, КАЛІ ПАЧНЕМ БУДАВАЦЬ “НОВУЮ” БЕЛАРУСЬ, нават пры дзяржаўных праграмах падтрымкі беларускай культуры і мовы карэннага насельніцтва, што па аналогіі з эмігрантскімі еўрпейскімі праграмамамі адаптацыі імігрантаў называецца “пазітыўнай дыскрымінацыяй”, “перакручаная” забетанаваная расійскамоўная свядомасць будзе доўга існаваць. Гэта будзе цяжэй пераадолець, чым адбудаваць сістэму свабоднай гаспадаркі і дэмакратычнага грамадства.
АГУЛЬНАЯ ЎСТАНОЎКА ДЛЯ АПТЫМІЗМУ
Я ДОМА, Я НАРАДЗІЎСЯ ТУТ ПАД СІНІМ НЕБАМ. Я ГАСПАДАР. Каб не рваць нервы і не павышаць ціск і глюкозу, пры перамяшчэнні з сваёй хатняй адзіноты ў публічную прастору, я уключаю МАЖОРНЫ рэгістр …
Варыянт 1. Я адзін у публічным месцы (крама, пошта, натарыус, банк і г.д.).
Без экзальтацыі, будзённа, не ціха і не акцэнтавана гучна звяртаюся па беларуску да “рэферэнтнай” асобы. Твар сяброўскі з вельмі лёгкай усмешкай, на імгненне сустракаюся поглядам, як гэта робіць спрактыкаваны лектар у невялікай аўдыторыі.
Наколькі памятаю абсалютная большасць рэагавала адэкватна , шмат асобаў пераходзіла на беларускую мову ў розным аб’еме. Здаралася, што ў "прысутных месцах" сядзелі гісторыкі, філолагі…Завязваліся знаёмствы. Нярэдка і з наведвальнікамі.
Увесь час стараюся гаварыць на літаратурнай мове. Не збіваюся на трасянку. Калі гавару на трасянцы, рэакцыя размытая, апатычная.
Варыянт 2: Я з сябрамі ў “прысутным месцы”. Працуем на эфект. Згаварыўшыся, размаўляем трошкі гучней, чым гэта адпавядае добраму тону. Аднак не так гучна, як армяне: ара-ара! Бывае, што прысутныя далікатна ці не вельмі падключаюцца да гутаркі. Здаралася, што раптам касір ці дыспетчар і прысутныя, -- усе пачынаюць гаварыць, як мы.
Цікава, што ў вялікіх гарадах, паводле маіх назіранняў, такое можа “заварыцца” лягчэй, чым у якой-небудзь Гарадзеі ці Смалявічах, хаця там больш людзей, якія даволі добра валодаюць мовай. Не буду доўга тлумачыць. Тут больш скаванасці і сораму за сваю “дзеравенскасць”.
Апошнія гады пасля 2020 г. беларуская гаворка стала ўспрымаецца як прыкмета свядомай беларускасці, і рэакцыя бывае адпаведная.
Варыянт 3: Ён ці Яна як бы не разумеюць па-беларуску. Неадэкватна рэагуюць, глядзяць на цябе, як на дзівака. Калі-небудзь могуць запытаць: “Вы, наверно, пісьменнік?”. “Не, --кажу,-- я электрык…”.
Далей без злосці , без узрушанасці, ветліва слібізую больш акцэнтаваным голасам яшчэ раз фразу па-беларуску, усміхаюся і гляджу ў вочы гэтай істоце. Добра, калі я акуратна апрануты і з чыстымі валасамі і чаравікамі, не смярджу цыбуляй і півам. Істота як бы трохі бянтэжыцца і ўсё разумее…
Варыянт 4: Калі просяць хамавата гаварыць "на нормальном языке", і ёсць глядачы-слухачы ў чарзе -- таксама ўсміхаюся і паўтараю фразу… на ангельскай ці якой іншай мове, выразна і настойліва гледзячы ў вочы. Тут вельмі важна глянуць у вочы не на секунду, а злавіць сваім поглядам субяседніка інтэнсіўным пасылам і не выпукаць секуды 2-3. Чалавек бянтэжыцца. Чарга слухае незвычайны дыялог і пачынае смяяцца. Перакладаю фразу зноў на беларускую. Адрасат разумее. Могуць завязацца знаёмствы з наведвальнікамі.
Варыянт 5: Маючы справу з адкрытым хамствам, магу ў выключных выпадках СІМУЛЯВАЦЬ праведны гнеў (беражыце нервы!) і перайсці на расейскую мову з элементамі мацяршчыны (з улікам сітуацыі: калі няма паблізу далікатных дам), плаўна пераходзячы на беларускую мову. Адрасат разумее: “Да хуля мне, гавары, як хочаш…! Я фсё панімаю.”.
Мог бы прыводзіць яшчэ выпадкі. Пакуль усё так, як ёсць, трэба, як кажуць англамоўныя джэнтльмэны і дамы: Take it easy! Трымай сябе ў кулаку.
Выходзячы ва ўмовах Мінска ў публічную прастору з заўсёдным намерам гаварыць радасна на роднай мове, трэба мець у кішэні пэрформанс-сцэнар на экстрэмальныя выпадкі. Тут, як я сказаў, мужчыну лягчэй. Трэба мець драйв задзіралы, пэўныя аратарскія здольнасці , пэўны талент пераўвасаблення і досвед публічных спрэчак.
ВАЖНА: Калі беларускамоўны добры чалавек стаіць сцёншыся, ногі ў кучку і ЯК БЫ ВІНАВАЦІЦЦА, -- поспеху не будзе.
МОЖНА ПЕРАМАГАЦЬ І ДЗЯРЖАЎНЫЯ ЎСТАНОВЫ
Я пісаў пра свае ўдалыя перамогі над выдавецтвам “Беларусь” (прымусіў перапісаць дагавор па-беларуску за украдзены артыкул з “Энцыклапедыі Купалы” і выплаціць ганарар ў 10-кратным памеры), над “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркай”, над “Каронай –Табакінвест”, аператарам “Вэлком А1”, даведчай раённай службай ЖКГ ды інш. установамі.
Пытанні вырашаліся на маю карысць з грашовымі бонусамі. Самая запамінальная перамога – дзякуючы майму “беларускамоўнаму ўмяшальніцтву” кожная кватэра майго пад’езда сэканоміла па 400 рублёў пры спробе збанкрутаванай расійскай залётнай фірмы ў змове з адным вялікім тутэшым мінскім начальнікам “срубіць бабло” праз жулікаваты рамонт нашага пад’езда.
Потым я павесіў акуратна надрукаваны беларускамоўны адказ галоўнага інжынера “Мінскай жыльёвай гаспадаркі”: акт “капітуляцыі” на беларускай мове! Інфармацыя вісела тыдні два, надзейна абароненая ад дажджу. Ніхто з ЖКГ не асмеліўся сарваць. Чыталі людзі і з суседніх дамоў.
Усе ўстановы давалі адказы на беларускай мове. Я спасылаўся на адпаведны закон: адказ даецца на мове заяўніка. Падбіраў забойчыя аргументы, каб адчулі, што дзела пахне пракуратурай.
. Заўважыў, што на беларускамоўныя апеляцыі звяртаюць больш увагі, чым на напісаныя на “нормальном языке”. Тут трэба моцна рыхтавацца. Тады будзе перамога.
НА АСТАЧУ
Моўнае жыццё – ціхая вайна. На вайне як на вайне: ”Я іду у горад, // як бы на вайну … “ … (Алюзія на песню “Шумныя бярозы”) трэба мець з сабой заўсёды ШАБЕЛЬКУ запазухай. І усміхацца. Але ведаць, што у абсалютнай большасці вы сустрэнеце разуменне і прыязнасць. І шмат новых добрых сяброў.
У мяне на рабочым стале ёсць рэсурсік “Крамныя сябры” з тэлефонамі і электроннымі адрасамі. Усміхніцеся. “Крамныя” тут не значыць“купленыя ў краме”. Гэта мой сакрэтны моўны наватвор.
PS. Важна разумець, што апісаныя мною “камерныя” моўныя перформансы на маладых людзей і дзяцей аказваюць большы псіхалагічны ўплыў, чым назіранне здалёку за натоўпам з патрыятычнымі плакатамі. Гэта маё перакананне.
ІДЛЮСТРАЦЫІ:
ТУТ БЕЛАРУСЬ, ТУТ ПАХНЕ ЧАБОРАМ, ХЛЕБАМ І БУЛЬБАЙ. НЕ ТРЭБА ПЛАКАЦЬ …