Педагагічнае наватарства ў Беларусі ў 70-90-я гады ХХ ст.

Міхась Булавацкі
20.02.2025
     Аглядваючыся на напісанае, падумаў, што нехта мог бы мяне папракнуць: пішаш толькі пра сябе і пра тых, хто так ці інакш з табой звязаны. А былі ж і іншыя настаўнікі-наватары. Пагаджуся з папрокам, бо ведаю, што ў Беларусі была плеяда выдатных настаўнікаў фізікі, якія спаборнічалі з В.Барашкавым на вучнёўскіх алімпіядах і калі-нікалі яго перамагалі. Ведаю пра многіх настаўнікаў (дакладней, настаўніц) беларускай мовы і літаратуры, якія ў вельмі неспрыяльных для іх працы ўмовах дасягалі таго, што іх вучні любілі родную мову, ведалі яе, шмат хто з іх карысталіся ёю па жыцці, а лепшыя заканчвалі факультэты беларускай філалогіі і станавіліся такімі ж выдатнымі настаўнікамі.
     Але я ведаю пра тое павярхоўна і таму не магу пісаць пра іх. Не магу сказаць, былі яны проста выдатнымі настаўнікамі ці сапраўды наватарамі.
     Тэрмін “настаўнік-наватар” з’явіўся недзе ў 70-х гадах адносна тых настаўнікаў, якія пачыналі скарыстоўваць элементы методыкі В. Шаталава. Пазней ужо ў часы перабудовы (другая палова 80-х ХХ ст.) так пачалі называць усіх настаўнікаў, якія карысталіся ў сваёй працы нечым новым, сваім ці запазычаным. Мяркую, што наватараў у настаўніцкім асяродку Беларусі было значна больш, чым тых, каго я ведаю. Праўда, варта трапятліва-абачліва ставіцца да гэтага тэрміна, каб не расцярушыць яго на дробязнае. Напрыклад, аднойчы падгледзеў у аднаго магілёўскага настаўніка новы, раней мне невядомы варыянт складання звычайных дробаў, пра які шмат расказваў у сваіх лекцыях для настаўнікаў і апісаў у кнізе “Лікі ў нашым жыцці”. Але назваць гэтага разумнага настаўніка наватарам асцерагуся.
Таму, калі нехта палічыць, што мая кніга не цалкам асвятляе пазначаную ў яе назве тэму, то няхай ён напіша пра іншых настаўнікаў-наватараў нашай краіны ці нават пра сябе, пра сваю настаўніцкую творчасць. Калі не кнігу, то хаця б артыкул для газеты ці часопіса. Або проста на мой электронны адрас: bulavacki@gmail.com.
      Магчыма, у гэтай кнігі будзе працяг, чаго хацелася б.
На тым і пагодзімся.
 
ЗМЕСТ
  • Пачатак “новай эры” ў адукацыі --1
  • Гістарычнае адступленне --  6
  • “Савецкая адукацыя па такім шляху не пойдзе” -- 11
  • Прафесар супраць настаўніка -- 17
  • Сутнасць новай сістэмы навучання -- 28
  • Асоба настаўніка Шаталава -- 53
  • Пачатак наватарскага руху ў Беларусі -- 63
  • “Зяблікі” --76
  • “Парушальнік спакою” -- 89
  • Магілёўскі семінар -- 97
  • Мінскі эксперымент -- 106
  • Творчая група “УМОМ” -- 140
  • Падручнік для гімназістаў -- 142
  • Аглядваючыся на напісанае -- 152
  • Літаратура -- 154