17.09.2024
Я сам нярэдка, не шкадуючы метафар, пішу прыемныя словы і хваласпевы ў ФБ. Але гэта часцей – квяцістая, усмешлівая сяброўская жартоўная рэпліка ці нязлая іранічная ўсмешка. Бываюць выключэнні.
Я ўжо не раз прызнаваўся публічна ў сваім захапленні, напрыклад, творчасцю Ванды Марцінс. Упершыню сустракаюся з такім феноменам: маючы паэтычны талент, валодаючы рэдкім спалучэннем моў і паглядзеўшы свет, яна магла б бясконца пазычаць і наследаваць, але яна прырасла сэрцам да свайго краю і піша зацята-кансерватыўна дзіўныя рыфмаваныя вершы, у якіх знойдзеш элементы і альбаў, і сырвэнтаў і хоку. І перш за ўсё, -- непаўторны водар нашай зямлі, як у "Новай зямлі" Якуба Коласа. Пасля вандровак па чужых краях купіла дзялку недалёка ад бацькаўскіх гоняў, дзе яна была Ванда Ожэл, і стала штодня адхлынаць душой, -- ні дня без ціхага ўтульнага радка ў рытме і рыфме з рухам душы на мове свайго дзяцінства, узбагачанай арганным хараством іншых моў, якія сталі для яе роднымі.
Для мяне сп. Марта -- жаночы беларускі Якуб Колас з "Новай зямлі". Збор вершаў сп. Ванды можна выдаць асобнай кніжкай і назваць "Шчаслівы фальварак", "Вандзіна зямля" ці як інакш.
Нерыфмаваныя вершы ў слупок не запомніш. Яны – мятлік на імгненне. Вершы сп. Ванды можна вывучыць на памяць і рэцытаваць добрым людзям. Натуральна, гэта вельмі асабіста.
ПРЫЕМНАСЛОЎЕ
Я не ведаю, чуў я словы “прыемнаслоўны” і “прыемнаслоўе” ад каго-небудзь ці прыдумаў сам. Яно даўно жыве са мной.
Уяўляю сабе прыгажуню, якая пад прамянямі маладога сонца прызнаецца Джорджу Байрану ці Шандару Петэфі “Прыемнаслоўная спакуса туманіць зранку розум мой…” . Жанчыны, як вядома, больш, чым мужчыны, кахаюць вушамі… ))
Зашмат добрых і прыязных слоў да Бога і і каханай жанчыны не бывае. Булата Акуджаву спяваюць і ў Польшчы, і ў Германіі і ў Фінляндыі, бо ён спявае пра ўсіхнага Бога, не толькі пра свайго зеленавокага, і заклікае жыць, патураючы адно аднаму і гаворачы кампліменты.
Самае інтымнае -- сонечныя шчырыя словы прыязнасці да роднага дзіцяці і любага чалавека, якія не экспануюцца для ўсеагульнага абмеркавання.
“Каханне і веру не трэба / Усім выстаўляць напаказ: / Душа толькі чуе і неба”, -- напісаў Рыгор Барадулін.
Звычайна паэты прамаўляюць чароўныя словы ўяўным безымянным закаханым. Калі-небудзь сціпла пазначаюць у прысвячэнні імя ці скарот ад імя і прозвішча. І пра сваё жывое жыццёвае гора бядуюць у адзіноце.
У інтэрнэт-эпоху з’явіліся дзіўныя феномены эгзгібіцыянізму. У мае маладыя гады цяжка было сабе ўявіць, каб пакінутая жонка ці дзяўчына раз-пораз публічна пісала ці нават у вершаваным творы незашыфравана называла імя разлучніцы і выстаўляла свае пакуты і раны: “Пашкадуйце мяне, сябровачкі…”.
Словы “сэлфі, лайк” сталі магічнай і неад’емнай часткай існавання асобы, асабліва ў час вайны і СКУТАГА ГРАМАДСТВА: акрамя сямейнага цяпла і утульнасці чалавек прагне не быць адзінокім і знайсці апірышча ў грамадзе сабе падобных.
Эмацыйныя асобы, не дастаткова этычна, эстэтычна сістэмна культываваныя, выстаўляюць сябе на паказ, як семафор, па-сяброўску правакуюць на лайкі-падабайкі. (Пра рэкламу і просты бізнэс я маўчу).
Прыватнасць асобы страчваецца, спакваля асобы без стрыжня і сузіральнасці скіроўваюцца ў плынь расхлістанасці і вуаерысцкай адкрытасці, чаканне, што цябе заўважаць, будуць з прыдыханнем артыкуляваць кампліменты. Нярэдка фальшывыя, удаваныя. Гэта прытупляе патрабавальнасць асобы да сябе, выхоўвае нарцысізм і самазадаволенасць. На гэта псіхатэрапэўты маюць формулу: VIDEOR ERGO SUM. Мяне бачаць і пра мяне гавораць – значыць я жыву. Раней было: я веру, таму існую, я пазнаю/думаю, таму я існую.
Усё аднак не так проста, як здаецца на першы погляд. У цемрах душы слабага чалавека прыемныя скіраваныя да яго словы могуць разбудзіць д’ябла і схіліць да заключэння злога хаўрусу, змяніўшы сваё боскае пакліканне на смачнае д’ябальскае абяцанне.
На яў узбягае сцэна спакушэння Фаўста Мефістофелем і падступнымі незычліўцамі Хрыста.
Прыемнаслоўе ў Старым і Новым Запавеце – адзін з цяжкіх грахоў.
З старажытнагрэцкай праз царкоўнаславянскае праваслаўе мы ведаем побач з “неліцэпріятіе” “ліцепріятіе” -- ὑποκριτής (гіпакрыціс), што можна па-свецку на нашай мове перадаць як “дагодлівасць”, “спрыяцельства” (ёсць таксама ва ўкраінскай мове) або – што мне найбольш падабаецца” – ПРЫЕМНАСЛОЎЕ.
У немцаў ёсць Redegefälligkeit, у англ. – pleasantness, favour… У польскай блізкія паводле значэння – hipokrizja, маўленчая “двуліцовасць”.
Можна знайсці ў беларускіх перакладах НЗ і СЗ больш або менш удалыя адпаведнікі. Паглядзіце, як незычліўцы спакушаюць Хрыста, хвалячы яго і падступна пытаюцца, ці дазволена плаціць падатак кесару. Як яны робяць гэта “з аглядкаю на асобу”. (Як. 2: 9). “Не зважай на выгляд ягоны і на вышыню росту” (1 Цар. 16:7); “Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны ганаравць гаспадароў сваіх…(1 Цім. 6:1); “Перад абліччам сівога ўставай і шануй аблічча старца, і бойся Бога твайго…( Лев. 19:32). Гэта – Васіль Сёмуха. У Луцкевіча і Дзекуць-Малея: “Але калі на аблічча ўзіраецеся, дык робіце грэх і праступнікамі аказваецеся перад законам”.
Фама Аквінскі ў сваіх пытаннях і адказах (форма катэхезы) заўважае, што “чалавек можа быць уганараваны знакамі павагі не толькі за свае добрыя справы, а і за дабрадзейнасць таго, хто побач з ім: князі і прэлаты , нават калі яны паводле розуму і ўчынкаў не заслугоўваюць павагі, павінны ганаравацца за тое, што яны пастаўленыя намеснікамі Бога…”.
На сённяшні дзень гэта дапаможа зразумець, адкуль бярэ пачатак непарушальнасць аўтарытэту аўтакратычнай улады і што такое замах на прыніжэнне годнасці, напрыклад, прэзідэнта дзяржавы. Або, што рухае стылістыкай папулісцкага мадэратара ці інтэрвіюэра, які выдае непамерныя суперлятывы запрошанаму госцю: ГЛЯДЗІЦЕ, ХТО ДА МЯНЕ ПРЫЙШОЎ!
Падсвядома ці свядома ён падвышае сваю значнасць. Узгадайце Фаму Аквінскага і Фройда.
ПАДРАБЯЗНЕЙ ПРА МАДЭРАТАРАЎ І КАНЦЭПТУАЛЬНАСЦЬ
Для мяне некамфортна чуць (слухаю раз-пораз ток-шоў на замежных мовах, якімі валодаю), калі журналіст, вядоўца “праекту”, пасля выпадковага вымушанага перапынку кажа глядачам: “З радасцю паведамляю, што ваша ЛЮБІМАЯ перадача вяртаецца … Было больш за 30 паказаў, вы паставілі … тысяч лайкаў, у нас былі ў гасцях… (пералічвае 20 імёнаў прамінэнцыяў)”.
Ні ў кога, як у нашых вядоўцаў, такога “дэвотнага прыемнаслоўя” не сустракаў. Ствараецца ўражанне прасталюдзінства і закамплексаванасці.
На жаль, з тэхнічных і фінансавых прычынаў папулярнымі становяцца часам не самыя глыбокія праекты, таму што паводле самой тэматыкі закранаюць вечныя “праклятыя тэмы”. Для нас – нацыя і нацыянальнасць у ЗАПОЗНЕНАЙ (постсавецкай) МАДЭРНАЙ нацыі.
Дні чатыры таму паслухаў на гэтую тэму гутарку папулярнага вядоўцы з выключна глыбокай суразмоўцай, настаўніцай, карэктным навукоўцам і сацыяльна актыўнай беларусацэнтрычнай асобай яшчэ з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Зведаў кагнітыўны дысананс: вядоўца хваліць да нябёс запрошаную госцю, захліпаецца ў суперлятывах, называючы яе выбітнай, знакамітай, а сам чапляецца, як сляпы за плот, за свае як бы “народныя” пытанні, не закранаючы сістэмнага канцэптуальнага стрыжня.
Таўчэцца тэма з “намацваннем” беларускай нацыянальнай ідэі ўжо з дзясятак гадоў . Выйшла некалькі кніжак па матэрыялах перадач. Чаго там толькі няма! Ад дылетанцкіх разваг пра лінгвістычную прыроду нацыянальнага генетычнага коду да спрэчак пра карту паляка і злых “летувісаў”!
Але дагэтуль вядоўца мучае запрошаных гасцей, ці то з метадычных меркаванняў прыкідваючыся прасцяком, ці не разумеючы сам, што нацыя, вельмі агулам кажучы, - ДЗЯРЖАВА, а нацыянальнасць – САМАЎСВЕДАМЛЕННЕ яе грамадзянаў.
Нацыянальная ідэя ва ўсіх народаў-нацый адна – мець межы, збаланасаваны нацыянальны рынак, войска сваё ці ў хаўрусе з суседзямі, самадастатковую мову і культуру, жыць па-людску, захоўваючы свае нацыянальныя эгаізмы.
Не трэба крыўдаваць на літоўцаў, што прысабечылі на 100% славянскі інгрыдыент гістарычнай назвы “Літва” і сімбізавалі з сваімі балцкімі, ці на палякаў за “карту паляка”.
Хто нам перашкаджае зрабіць “карту беларуса” ці ў школьнай прагараме па “рускай” літаратуры прачытаць уважліва сцэну ў карчме на літоўскай мяжы у пушкінскім “Барысе Гадунове”, дзе Грышка Атрэп’еў збіраецца нацянькі праз Валуёвы горы (Падмаскоўе) пешкам за ноч дайсці да літоўскай мяжы?
Тут нельга блытаць узроўні: у дзяржавах кшталту Украіны і Беларусі пытанні законаў аб мовах і “пазітыўнай дыскрымінацыі” пры неабходным паскораным адраджэнні базавай нацыянальнай культуры і гуманістыкі істотна адрозніваюцца ад актуальных канцэпцый існавання ў цяперашніх адносна “своечасовых”, ужо цалкам “ДЗЯРЖАЎНЫХ” нацый, такіх, як, напрыклад, Францыя, Іспанія ці Германія.
У іх панятак “нацыяналізм” ужо стаў гістарызмам (яны фармаваліся ў 18-19 ст.ст.). Адсюль неразуменне шараговымі грамадзянамі гэтых краінаў сучасных адраджэнскіх “нацыяналізмаў” запозненых нацый. Гэта распаўсюджваецца і на ўспрыманне нашай літаратуры і мастацтва ў гэтых краінах, дзе культура – больш рынак, чым часова ў значнай ступені ідэалагічна скіраваны сацыяльны феномен ў нас.
ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ПРЫЕМНАСЛОЎЕ І ПАЛІТЫЧНЫ ПАПУЛІЗМ
У жаданні падтрымаць сваё беларускае паводле логікі ФБ мы лайкаем усё без разбору: “Вельмі! “О як хораша!”, “Супер!”. Нам паставілі падабайку, і мы лайкаем нашага падабайцу. Крытычныя заўвагі ўспрымаюцца як скандал.
“Мы можам ганарыцца сваімі балотамі … Бацька першай ўкраінскай канстытуцыі Піліп Орлік нарадзіўся ў Беларусі… Казімір Семяновіч – сын беларускай зямлі (літоўцы выдалі памятны мядаль) …”Сямён Полацкі здрадзіў беларусам”, -- піша ў каментары топавы суаўтар. …
Якая заслуга Беларусі, што Піліп Орлік нарадзіўся ў Ашмянскім павеце? Як доўга Казімір Семяновіч пражыў на радзіме? …
Ды тады пачыналіся толькі дафармоўвацца этнасы і этніі, слова Беларусь і беларус не было саманазвай і часцей звязвалася з Масквой, белапалатачным улусам Залатой Арды, пра нацыі і патрыятызм не было гаворкі (словы сталі ходкімі пасля Французскай рэвалюцыі), “дзяржавы” мацаваліся канфесіямі, перасанальнымі вуніямі, суверэны аднаго краю станавіліся правадырамі іншага, вучоныя, генералы, грэнадзёры за грошы служылі ў розных краінах…
Скарына напісаў патрыятычную прадмову да Кнігі Юдыты СЗ з пазіцый полацкага патрыятызму, аднак большую частку жыцця пражыў за межамі краю, займаўся не толькі выдавецкімі справамі, служыў іншаземным суверэнам, нават сядзеў у даўгавой яме…
Увогуле слова НАРОД тэматызуецца і заліваецца замілаваным сіропам. Народная культура, мова, умельствы, казкі, міфы – усе гэта адметная база тэрыторыі існавання. Аднак клятва ў любові да Радзімы не павінна станавіцца прафесіяй.
Так званыя “прымардыяльныя” пачуцці ў розных пакаленняў розныя. Яны змяняюцца нацыянальным інтэлектуалізмам, які ў нас выкрышталізоўваецца праз сімбіёз з еўрапейскімі хрысціянскімі каштоўнасцямі.
Лепшыя культурныя нацыянальныя дасягненні ў літаратуры, музыцы, жывапісе ствараліся ў станавым грамадстве асобамі з універсітэцкай адукацыяй ці пад іх непасрэдным уплывам выхадцамі з нізоў. Узгадайце Эпімаха Шыпілу, Вацлава Іваноўскага, Івана Луцкевіча…Без пачынальнікаў не нарадзіліся б геніяльныя пачаткоўцы.
Вось прыклад папулістычнага прыемнаслоўнага замілавання народам: “ Мы пробовали выработать национальную идею… Ничего не получилось. И я предложил -- давайте вернемся к христианским ценностям. (БТ 19.11.1996 г.). Або на паўмесяца раней: “После выборов, … будучи атеистом, я начал веровать в Бога…Я подумал, что здесь не обошлось без вмешательства высшей силы. Почему я, а не кто-то другой? Белорусы -- ОБРАЗОВАННЕЙШЙ народ, а выбирают меня, почти мальчишку…». Гэта з газеты «Завтра».
Як агностык і трохі начытаны дылетант заўважу, што побач з Навышнім і анёламі круціцца Сатана як увасабленне "высшей сілы " абсалютнага Зла. Узгадайце Кнігу Ёва (2:1), як Бог аднойчы паклікаў сыноў Божых : “І Сатана быў сярод іх…Бог аддаў у рукі і ва ўладу Сатаны Ёва, наказаўшы яму, каб рабіў яму самыя страшныя іспыты, але каб Ёў застаўся жывы.
Папулізм і прыемнаслоўе становяцца неад’емнай часткай нашага нацыянальнага характару. Падтрымка свайго не павінна ператварацца ў паблажлівасць і амікашонства. Пры раздзеленых творцах – адны дома, іншыя на чужыне – нельга дапусціць, каб еўрапейская араганцыя запанавала над “тутэйшасцю” і каб “тутэйшасць” не атамізавалася ў самазадаволеную прымардыяльную секту.