Дзённік настаўніцы. 14 кастрычніка

Ганна Севярынец
15.10.2024

Дарагая стужка, якая за мяжой. У мяне выйшла кніжка)

Сама я патрымаю яе ў руках, баюся, няхутка. Але я спадзяюся, што вы зможаце зрабіць яе лёс шчаслівым.

Кніга гэта вельмі цікавая, я ўсе свае дакументальныя кнігі раблю так, каб яны былі цікавыя кожнаму і адказвалі на самыя надзённыя пытанні. Асноўны яе змест – выбраныя артыкулы з газеты "Савецкая Беларусь" у 1925-1929 годзе. Я свядома не ўключала туды матэрыялы з першых палос, і там няма тагачаснай палітыкі. Ёсць - жыццё горада і вёскі. Лёсы простых людзей. Ёсць тагачасны крымінал. Ёсць – развагі пра беларусізацыю і нацыянальную культуру. Вы здзівіцеся, наколькі гэта надзённа:)

Я зрабіла ажно пяць алфавітных паказальнікаў, то бок вы зможаце адшукаць там прозвішчы сваіх землякоў, а можа быць, і сваякоў. Асобны паказальнік – геаграфічныя назвы, і самых розных беларускіх мястэчак і вёсак там – некалькі соцень. Пра кожную з іх можна пачытаць тагачасны артыкул.

А яшчэ ў кнізе –  вялікі архіўны дадатак. Рэдакцыйная кніга загадаў, выбранае ліставанне з дзяржворганамі (ці не самая смешная частка, сказаць па праўдзе), а таксама мой гонар, я шукала гэтыя тэксты тры гады без усялякай надзеі знайсці – успаміны наборшчыкаў і метранпажаў тагачаснай Саўбеліі, то бок – тэхнічных газетных работнікаў, пра якіх заўсёды забываюць, калі кажуць пра газету.

Ну, і прадмова –  гісторыя газеты і яе рэдактара, Міхася Чарота. Гэта – пяты мой герой той эпохі, якому прысвечана чарговая кніга. Тое, што гэтая гісторыя – стогадовай даўніны, а не цяперашняя, мяне дзівіць і зараз.

Я ўдзячная ўсім, хто спрычыніўся да выдання. Наталлі Гардзіенцы і Лявону Юрэвічу, чыя колішняя кніжка стала для мяне натхненнем. Аляксандру Іосіфавічу Фядуту, які мусіў быць яе выдаўцом. Вярстальшчыку, карэктару і цяперашняму выдаўцу, якіх я не называю, але заўсёды буду згадваць у малітвах:))

Набыць кнігу "Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота" можна на фестывалі Прадмова, а таксама ў кнігарнях  Варшавы і Вільні.

Давай, мая "Саўбелія", у добры шлях. А тут, дома, мы цябе пачакаем:)