Дзённік настаўніцы. 25 верасня

Ганна Севярынец
25.09.2021

Баўлю час праверкай дзіцячых работ (не дадуць упасці ў адчай, ой не дадуць). Частка дасылае работы не ў гугл-клас, а ў мэсэнджэры (адкуль яны ўзялі мой нумар тэлефона і як прабіліся ў тэлеграм, дзе ў мяне ўсё зашыфравана, я не разумею). Прычым у мэсэнджэрах яны падпісаныя хто як: "Мандалорац", "Пакемон Тіфці", "Доктар Хто", шчэ з дзясятак абсалютна дзіўных нікаў, паспрабуй разбярыся, хто гэта такі. Трэнірую навык ставіць адзнакі не ведаючы каму (харошы навык, цвярозы). І тут бачу, прыходзіць паведамленне ад абанента, падпісанага арабскай вяззю. О, думаю, цырк. Гэта яшчэ што?

А гэта, аказваецца, я сама і навучыла дзявяты клас праз адмысловы сайт пісаць беларускай арабіцай:) Дык некаторыя арабіцай сталі падпісвацца:) Ледзь стрымліваюся, каб не завысіць адзнаку:)