Дзённік настаўніцы. 7 лютага

Ганна Севярынец
07.02.2022

Выкажуся пра серыял "Акрэсціна", бо лічу гэта важным не толькі датычна гэтага серыялу, тызер якога выкладзены на старонцы Андрэя Курэйчыка, але і наогул датычна асэнсавання тэмы нашых падзей у цяперашнім і будучым мастацтве.

Пытанне першае, якое ўзнікае: ці маральна тут і цяпер асэнсоўваць падзеі, якія яшчэ не скончыліся, якія ёсць жудасным агульным болем і народнай трагедыяй у мастацкай форме? Гэта не цяперашняе пытанне, яно паўставала і тады, калі  свет асэнсоўваў злачынствы нацызму, і Халакост, і сталіншчыну, была такая эпічная спрэчка паміж Шаламавым і Салжаніцыным, ці маральна ўкладаць такія пакуты ў мастацкія формы, адным словам, чалавецтва пра гэта ўжо адспрачалася, і агулам адказ  так, асэнсоўваць такое па-мастацку маральна.

Пытанне другое: ці нармальна, калі серыял пра Акрэсціна здымае чалавек, які там не быў і на сваёй скуры нічога падобнага не адчуваў? Тут мы маем шмат прыкладаў, калі сапраўды мастацкае аснсаванне трагічных падзей рабілі людзі, якія ў гэтых падзеях не ўдзельнічалі. Элем Клімаў не гарэў у сараі, Спілберг не паміраў у газавай камеры. Адказ так, гэта нармальна.

І, нарэшце, пытанне трэцяе, адзінае істотнае. Ці мусіць гэты чалавек, які бярэцца па-мастацку асэнсоўваць агульнанацыянальную трагедыю і які не бачыў на свае вочы тое, пра што ён выказваецца, асэнсоўваць сваю адказнасць за мастацкі вынік? Ці можна рабіць што заўгодна па прынцыпе "Я мастак, я так бачу"? Тым больш што насамрэч закон у мастацтве адзін: любы твор, неважна, благі ці добры, створаны ў гэтым найлепшым з сусветаў, заўсёды знойдзе свайго гледача. Якім бы неталенавітым, тупым, бязгустоўным не было (альбо падавалася б) нам нейкае стварэнне, яно знойдзе сваю, няхай і мізэрную, але ўдзячную аўдыторыю.

Я думаю, тут і палягае праблема. У тым, што творцы перасталі адчуваць сваю маральную адказнасць. Мараль - гэта заўсёды адказнасць перад іншымі людзьмі, перад памяццю, перад будучыняй, перад эмоцыямі і пачуццямі іншых, мараль існуе толькі ў чалавечым вымярэнні, і яна заўсёды правяраецца тым, ці думае чалавек пра іншых і што ён пра іх думае.

Паставіць перад камерамі добра апранутых, у адпаведнай каляровай гаме, акцёраў, з чыстымі, паголенымі тварамі, чыстымі валасамі, ахайнымі фрызурамі і паказаць гэта тым, хто ведае пра твары, валасы і фрызуры на Акрэсціна, выдаючы карцінку за мастацкую праўду  гэта амаральна.

Узброіць масоўку свежанькай экстрэмісцкай сімволікай, якой масоўка будзе махаць без усялякага імпэту, і паказаць гэта тым, хто бачыў сцягі і крывавымі, і растаптанымі, каго пінкамі прымушалі ісці па гэтых сцягах у аўтазаках  гэта амаральна.

Зняць гэтае вось усё у чысценькіх павільёнах  гэта амаральна. Публікаваць разухабістыя бэкстэйджы са здымак, дзе акцёры-ахвяры смяюцца побач з акцёрамі-кАтамі  гэта амаральна.

Але самае жахлівае, і нават не проста амаральнае, а подлае - гэта паказаць у эфіры комікс на тэму расстрэлу.

Насамрэч мы добра ведаем, як расстрэльваюць у турмах. Ну, то бок маем магчымасць ведаць, калі ёсць такая патрэба. І як стралялі ў трыццатых. І як стралялі ў дзевяностых. І як пры неабходнасці страляюць цяпер. Няма ніякіх праблем знайсці і сведчанні, і аналітыку, і артэфакты.

Мы, нацыя, якая згубіла дзясяткі тысяч расстралянымі, людзі, якія жывуць на касцях забітых, людзі, чыя будучыня ўжо даўно стакроць аплочана загінулымі ў лясах, ва ўрочышчах, у ямах, на франтах бясконцых войнаў  маем права думаць, што гэта адбываецца вось так вось прыгожа? маляўніча? калі герой глядзіць у вочы стралку і ў гэтых вачах палае вагонь нескаронасці і помсты?

Расстрэл гэта не прыгожая дзірачка ў спіне. Гэта дзікія крыкі, нялюдскія стоны, мача і кал, раскурочаныя галовы і лужы крыві.  Гэта дзікі мат і нечалавечы енк. Гэта вочы вар'ятаў, а не герояў.

Якая нізасць і подласць выдаваць комікс за праўду, калі праўда такая. Якая страшная непавага да памяці тых, хто праз гэта прайшоў, і чые косці былі выкінуты на сметнік пры будаўніцтве кальцавых аўтадарог. І яшчэ падлей выдаваць комікс за комікс. Маўляў, ну не будзем жа мы тут здымаць мачу і лайно. Вось вам, паважаныя гледачы, прыгожы расстрэл у інтэр'ерах. Мастак па касцюмах пеця іваноў.

Трагедыя ў тым, што ў нас тут і без расстрэлаў трагедыя. Дадаваць у кіно пра Акрэсціна коміксы пра няісныя расстрэлы значыць, абясцэньваць тое, што адбываецца. маўляў, без расстрэлаў не так напружана, давайце расстраляем некаторых.

Крытыкуеш прапануй.

Я прапаную ўсёй здымачнай групе пачытаць усё ж такі, як страляюць у беларускіх турмах. Ёсць вельмі падрабязны, з максімальнай колькасцю дэталяў, тэкст.

А потым падумаць, напрыклад, пра маму ну вось хаця б Алеся Дудара, прыгожага хлопчыка, якога забілі ў 1937 годзе. Яна пражыла 90 год, і да апошняга дня свайго жыцця на кожны мужчынскі голас ў двары падскоквала: Шурка прыйшоў. Непісьменная, яна сачыніла паэму памяці сына.Запісаць не магла і расказвала ўсім на памяць, але ніхто асабліва не хацеў слухаць. Што там за паэма была. Простая жанчына, без адукацыі. А ў кожнага, хто прыходзіў у дом, яна пытала тонкім, бездапаможным голасам: "За што ў мяне забралі майго Сашаньку?"

Пакажыце такім цяперашнім матулям, у якіх забілі сыноў, ваш комікс пра расстрэл, дарагія мастакі.