Я думаю пра тое, што апошнія два гады нас бесперапынна кідае на эмацыйных арэлях ад "ганаруся быць беларусам" да "сорамна быць беларусам", ад "годна быць беларусам" да "страшна быць беларусам", і тут важна тое, што сусвет то дубчыкам, то бізунчыкам забівае тутэйшаму люду ў галаву самае важнае: "быць беларусам".
Быць беларусам - і гонар, і годнасць, і сорам, і страх, і шмат яшчэ розных пачуццяў, і важна, што яны розныя, таму што ў жывых людзей не бывае толькі добрага альбо толькі благога. Быць беларусам - гэта не праслязіцца пад песню пра буслоў на Дажынкі, гэта і ганарыцца, і саромецца, і працаваць, і бедаваць. Галоўнае каб мы разумелі, што мы беларусы, як украінцы разумеюць, што яны - украінцы, і толькі на гэтым трымаюцца.
Я ведаю, што гэта цяжкі і доўгі шлях, я сама яго праходжу, я толькі сёння нарэшце выкінула са сваёй галавы "Вайну і мір" як абавязковую кніжку - і мы пачнем чытаць "Ноч у Лісабоне". А пасля яе - Чэхава. Я ў дзяцінстве, памятаю, шкадавала, што я не руская, ну на скрайні выпадак - украінка, а нейкая там беларуска. Бо беларускае падавалася мне слабым, нецікавым, парэпаным, не маім. Калі я паставіла сабе задачу загаварыць на беларускай мове, я пайшла і ўзяла сабе ў нагрузку пары па беларускай мове для завочнікаў - і вучыла на памяць лекцыі свае, бо свабодна расказваць не магла, а ўжо калі трэба было адказваць на пытанні, у мяне ад страху падгіналіся каленкі. Я ведаю, што гэта няпроста. Але я ведаю, што гэта патрэбна.
Я мару аб тым часе, калі Беларусь будзе незалежнай - ад любых, любых саюзаў. Я не хачу ні да кога прыхінацца, ні да усходу, ні да захаду. Я хачу быць адкрытай усім - і адасобленай ад кожнага. Я хачу, каб у нашай краіны быў свой беларускі шлях. Я не хачу быць часткай ніякага іншага свету, акрамя свайго. Але для гэтага я мушу ведаць, што я - беларуска, і што такое - Беларусь, і як вылядае беларускі свет, як выглядаў раней і як ён будзе выглядаць у будучыні.
Быць беларусам - значыць мець унутры сабе не рускі мір, не іншы любы мір, а беларускі мір. І з ім ісці ў шырокі свет, з ім адкрываць для сябе іншыя краіны і іншыя магчымасці. Але мець пры гэтым свой дом, дзе мы гаспадары. Без дома цяжка. Без свайго дома - смяротна цяжка.