Ганна Севярынец
19.03.2022
Гэтую гісторыю я хачу прысвяціць тым беларускім культурнікам - літаратарам, мастакам, навукоўцам, бібліятэкарам, выдаўцам, настаўнікам, мамам і татам - якія застаюцца тут.
Я пачула яе 2 жніўня 2020 года: мяне запрасілі ў госці да беларускіх капуцынаў з тым, каб я напісала пра іх артыкул. Я нават дамовілася тады з нашымі галоўнымі СМІ аб публікацыі, а з тутбаем - і наконт фатографа, і мы вырашылі, што перачакаем выбары, а пасля апублікуем.
За гэты час гісторыя гэта ў мяне ў галаве пераўтварылася ў міф. Я столькі разоў згадвала яе сама сабе, столькі разоў паўтарала сабе, як мантру, два галоўныя яе словы - "кухар і агароднік", што згубіла фактуру і зараз магу памыліцца ў дэталях, але раскажу яе менавіта так, як памятаю.
У трыццатых гадах у Заходняй Беларусі сярод іншых манаскіх ордэнаў працаваў і ордэн капуцынаў. У іх быў касцёл, кляштар, парафія, школка, пры кляштары сад, агарод, адным словам, ладная, хаця і невялікая, гаспадарка.
У верасні 1939 прыйшлі Саветы, і манахам было сказана: альбо вы ў два дні з'язджаеце адсюль, альбо турма і лагер.
І манахі з'ехалі. З'ехалі, ведаючы, што ніколі не вернуцца, бо па правілах ордэн мае права працаваць у краіне толькі тады, калі ні на адзін дзень не будзе перарывацца малітва і служба менавіта тут, у гэтай краіне.
Усе, хто меў права спраўляць службы ад імя ордэну, з'ехалі.
Але засталіся кухар і агароднік.
Ніякіх правоў, якія бываюць у ксяндзоў і манахаў, у іх не было. Але яны ўдвох сталі маліцца ад імя свайго ордэну. Штовечар, разам. А калі нехта хварэў ці трапляў у нявыкрутку - то і па адным. Прыйшла вайна, потым пасля вайны, потым руйнавалі цэрквы, будавалі камунізм, а кухар і агароднік маліліся пасярод лесу кожны дзень.
Да іх прыбіваліся вясковыя хлопчыкі, якім яны папросту, як умелі, расказвалі пра Францішка Асізскага і капуцынаў. Некаторыя з гэтых хлопчыкаў прымалі расповеды кухара і агародніка як свой лёс.
І калі разваліўся Саюз, аказалася, што ордэн можа вярнуцца ў Беларусь, бо ні на адзін дзень тут не перарывалася служэнне капуцынаў.
У мяне сёння вельмі цяжкі настрой, але я памятаю: кухар і агароднік.