Дзённік настаўніцы. 26 чэрвеня

Ганна Севярынец
26.06.2022

 

Учора сустрэла адразу некалькі пастоў са здзіўленнем: людзі, чаму вы маўчыце, чаму не рэагуеце на навіну.

Апошнім часам мне асабіста няма чым рэагаваць у сэнсе слоў. Што ні скажаш, атрымліваецца альбо тупасць, альбо слабасць, альбо пафас.

У нас з сястрычкай учора  адбылася драбязная, але паказальная гутарка. Яна спыталася ў мяне рэцэпт амлету, а я кажу: няма ў мяне ніякага рэцэпту. Сястрычка ўздыхнула і кажа: вы з мамай нейкія аднолькавыя, яна таксама кажа, што ў яе рэцэпту няма, тады я памяняю пытанне: як ты гатуеш амлет? Ну, тут я, канешне, адразу адказала. Аня, спыталася сястрычка, чаму вы абедзьве так аднолькава зрэагавалі? А я кажу: ну таму што мы філолагі.

Вельмі нізкі кошт старых словаў. Бла-бла-бла.

Калісьці Строцев Дмитрий сказаў вельмі трапную рэч: "Мне пашансціла, у мяне былі словы для гэтага часу". Я неяк тады павярхоўна ўспрыняла гэтую думку. Цяпер я яе вельмі добра разумею.

У мяне няма слоў для гэтага часу. Гэта вельмі пакутна.

І я хачу сказаць, што вакол сябе не бачу тых, у каго яны ёсць. Людзі апошнім часам пераважна гавораць не тое, што адчуваюць. Не ў сэнсе маняць ці прыдумляюць, а ў сэнсе называюць падзеі і пачуцці не тымі словамі. Шмат слоўнага шалупіння ў паветры.  Ідзе выпрацоўка новай мовы, напэўна.

Нешта будзе з гэтага ўсяго, вось пабачыце. І думаю, менавіта тут. Упершыню беларусы праходзяць такія насамрэч знаёмыя нашай зямлі пакуты ў поўнай нацыянальнай прытомнасці. Капец як цяжка, але я хачу сказаць, што з усіх супольнасцяў, якія трапілі ў гэты замес, беларусы выглядаюць.... як бы гэта сказаць. Пранізліва гуманістычна, ці што. Трываюць гвалт, ціск і папрокі, робяць свае маленькія справы напалову адрэзанымі рукамі, прыкрываюць змізарнелымі крыламі малых дзетак у худых гняздзечках, і толькі ўціскаюць галаву ад навакольнай куламесы, адкуль усе, успацелыя крывавым потам ад вайны, крычаць ім: тупыя! дурныя! няздольныя! ідзіце і рабіце! гаварыце! крычыце! не крычыце!

А ты сядзіш такі пасярод сваёй пожні, рот немы раскрываеш, хаўкаеш распаленым паветрам і думаеш толькі: дзетачкі вы мае, ругайцеся, колькі хочаце, толькі каб вам палёгка выйшла, а я ўжо як-небудзь, дацярплю.