Дзеннік настаўніцы. 28 жніўня

Ганна Севярынец
28.08.2022

Калі ў дзяцінстве папусціць некаторыя маральныя забароны, калі не выставіць чырвоныя сцяжочкі альбо, што часцей, наадварот на месцы патрэбных чырвоных сцяжочкаў паставіць стрэлачкі, якія нібыта паказваюць шлях да поспеху – у дарослым узросце з гэтым нічога зрабіць будзе немагчыма. Я падзяляю думку аб тым, што потым, калі скончыцца ўсё гэтае вось – ніхто ні ў чым не будзе шчыра каяцца, і да канца жыцця сам сабе будзе думаць, што у сваім чорным злачынстве ўсё адно меў рацыю і не меў віны.

Акрамя біблейскіх забаронаў кшталту "не забей", "не мані", "не ілжэсведчы" -- ёсць яшчэ некалькі невідавочных чырвоных сцяжкоў, з якіх расце шмат цяперашніх глабальных праблем.

Першае: дзяцей трэба перасцярагаць ад таго, каб яны прымалі на сябе любую веліч (паспяховасць, крутасць, магутнасць) любых груп. Любыя слоганы кшталту "мы самая крутая каманда", "мы найлепшыя", "ты з намі, а значыць, ты файны" – самы лёгкі шлях да прысваення сабе чужых вартасцяў і, адпаведна, да скажэння маральнага закона ўнутры сябе.

Другое: я б раіла вельмі асцярожна абыходзіцца з любым паняццем элітнасці альбо элітарнасці. Прыналежнасць да эліты - калі раптам чалавек яе нейкім чынам адчуў – гэта не бонус, узнагарода альбо безумоўнае права на нейкія дадатковыя магчымасці, гэта найперш і толькі - адказнасць. Каму шмат дадзена, з таго шмат возьмецца.

Трэцяе: мне падаецца, мы мусім асцярожна, без знявагі і бубнення над вухам, але даваць зразумець дзецям, што да пэўнага ўзросту іх магчымасці – гэта магчымасці іх бацькоў. Памятаю, як у маёй маладосці, якая прыйшлася на дзевяностыя, адна дзяўчынка нейк сказала "праз губу": "Насіць джынсы танней за 50 баксаў – ніжэй за пачуццё ўласнай годнасці". Пры гэтым кожнаму з нас было вядома, колькі высілкаў кладуць нашыя бацькі на тое, каб набыць джынсы хаця б за дзясятку. Як на мяне, пакуль ты сам не зарабляеш, насіць празмерна дарагія рэчы (50 даляраў у дзевяностыя -- гэта было вельмі шмат) - гэта як раз пра пачуццё ўласнай нягоднасці:)

Выхоўваць такія (і любыя іншыя) маральныя межы ніколі нельга бубненнем, натацыямі, крыўднымі заўвагамі альбо, крый божа, пакараннямі. Тры метады дазваляюць рабіць гэта спакойна і якасна: уласны прыклад, спакойная гутарка альбо тактоўная заўвага і дыскусія, лепей нават не вакол учынка канкрэтнага падлетка, а вакол фільма, камп'ютарнай гульні, кніжкі. Самае важнае – каб мы самі ўнутры разумелі, дзе праходзіць маральная мяжа. Тады яна натуральным чынам дасца ў спадчыну і дзецям.

Безумоўна, гэтыя межы будуць парушацца. Магчыма, нехта ў жыцці стане перад выбарам, калі – ну ніяк. Толькі амаральны ўчынак. Рознае бывае. Але наяўнасць межаў – магчымасць потым адрэфлексаваць і прызнаць памылку альбо віну.

Уменне прызнаваць памылкі – ці не самае важнае з інтэлектуальных уменняў чалавека, які хоча не тое каб знішчыць, але хаця б паменшыць колькасць зла навокал сябе.