Дзённік настаўніцы. 13 -15 верасня

Ганна Севярынец
15.09.2022

Сталі сёння на ўроку з шасціклашкамі чытаць Купалаў "Курган". Спачатку дзеці. Пыкалі-мыкалі, беларуская ў іх недасканалая, карацей, спыніла я іх і кажу:

–   Так. Давайце я зараз вам прачытаю некалькі радкоў, а вы вочы заплюшчвайце і слухайце.

Дзеці паслухмяна заплюшчылі вочы, і пачалося вось гэтае вось медытатыўнае:

Паміж пустак балот беларускай зямлі

На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай...

Гляджу –   дзеці пачалі пагойдвацца, ківаць, рукамі рухаць у такт...

–   Што,  –  кажу, –  качае?

–  Качает! –  адказваюць дзеці. –  Вам бы, Анна, рэп читать, у вас бы получилось!

"Якая арыгінальная ідэя!" –  падумала я))

Хадзілі сёння з маім адзінаццатым на выставу "Шэпт", паглядзелі і астатнія залы, паабмяркоўвалі, стоячы перад карцінамі і фотамі, нават і паспрачаліся з дзецьмі, натуральна, па-беларуску.

Пакуль дайшлі да выхада, паспелі ўразіць усіх. Трэба ж: школьнікі - і па-беларуску!

Супрацоўніца Цэнтра, якая нас суправаджала, не вытрымала нарэшце і спыталася ў дзяцей:

 –   Адкуль вы такія цудоўныя, і так добра размаўляеце?!

 –  Нууу...  –  па-філасофску працягнуў адзін хлопчык і апасліва глянуў на мяне, – у нас проста такая настаўніца...  –  яшчэ раз пакасіўся, уздыхнуў і дадаў:  –  у нас такая настаўніца, што мы вось размаўляем.

Настаўніца моўчкі зарагатала дэманічным смехам і цішком паказала дзецям кулак.

 Прапануем паглядзець кліп –   рэп-дэбют «Беларусіца»  ад настаўніцы беларускай мовы Г.Севярынец