Дзённік настаўніцы. 27– 28 верасня

Ганна Севярынец
28.09.2022

Сёння з раніцы рашуча адпісалася ад усіх без выключэння навіновых сайтаў. Адчула, што іначай, далібог, пачнуцца незваротныя змены ў псіхіцы. Села ў электрычку, з палёгкай уздыхнула і адкрыла нарэшце звычайную кніжку перачытаць да ўрока.

Мда. А ўрок у нас па Васілю нашаму Быкаву. "Сотнікаў". Што я выйграла гэтай заменай, засталося невысветленым.

Знайшла стары вершык адзін, з мінулага жыцця. Жыццё мінулае, а настрой чымсьці падобны.

Чаму ўсё мінае, любы?

Няўжо ты мінеш таксама?

І буду глядзець спакойна

У гэты спакойны твар?

Хацела б я стаць фотаздымкам,

З табою ў светлай рамцы

Стаяць на старым серванце

На вышытым рушніку.

Тады застанемся, любы.

Хай унукі пакінуць хату,

Сатлее і знікне ганак,

І прыдзе пад вокны лес –

А я цябе не пакіну,

І ты мяне не пакінеш,

І будзе ўсміхацца сонца,

Праз шыбы пабачыўшы нас.

 

Апошняя шлюпка сыходзіць сягоння ўночы,

І порт Атлантыды пакіне апошні докер,

І дождж ледзяны панясецца нястрыманай хваляй

Па дошках прычалаў, па птушках і гнёздах на дахах.

Грымяць ланцугі якароў нечаканай свабодай,

Бо звыклае дно адпускае, каб сплыць у невядомасць,

І п’яныя яхты качаюцца, б’юцца аб сцены

У апошняй спадзеве, што раніцай будзе іначай.

І вежы і брамы у халоднай вадзе па калена:

Як перацярпець тую хвалю, што плёхне на грудзі,

Бо самае страшнае грудзі, а далей ня страшна,

І нават падасца, што цёпла цяпер у акіяне.

Мая Атлантыда, я доўга цябе суцяшала,

Маніла табе, што ўратую рыдлёўкай і дамбай.

Мая Атлантыда, з  квітка на апошнюю шлюпку

Я склала караблік і ў зімную хвалю пусціла.