Дзённік настаўніцы. 13 лютага

Ганна Севярынец
13.02.2023

Было аднойчы, што я насварылася на вучаніцу, ажно падвысіўшы голас: яна паблытала і не магла разблытаць Полацк з Пінскам, не памятала, дзе знаходзяцца гэтыя гарады, а калі я жартам спыталася, ці не ведае яна, у якім баку мапы знаходзіцца Парыж, прастадушна сказала, што, канешне ж, ведае. Ну, і атрымала ад мяне пад хвост.

Дзеці над маёй геаграфічнай патрабавальнасцю пасмейваюцца. Днямі адна дзяўчынка спыталася спачатку, што за месца такое Карэлічы,  а потым абазвала Стоўбцы вёскай. Гэта, кажу я міралюбіва, горад, а не вёска.

А з задняй парты ўжо парадыйна ўздымаюць рукі ўгару і каментуюць:

–  Не, ну ладна Карэлічы... Але як можна было так лажануцца са Стоўбцамі!

У Іллюхі ў школе –  конкурс патрыятычнай песні. У чаце класа напісана ўсім вывучыць "Кацюшу". Пакуль я думала, якімі словамі мне на гэта адрэагаваць, Іллі сказалі: "Ты можаш не ўдзельнічаць".

Р –  рэпутацыя:)