Дзённік настаўніцы. 8 - 28 чэрвеня

Ганна Севярынец
30.06.2023

Па-рознаму, канешне, крыўдзяць нас касіры ў крамах: то пенсійную ільготу папросяць, то з жалем у вачах папярэдзяць пра высокую цану, але сёння яны пераўзышлі самі сябе.

Пайшла я ціха-мірна набываць какосавую стружку для кекса. Прызнаю: цяжка ўявіць сабе што-небудзь болей мажорнае для нашага раёнчыка. Расплачваюся.

– Гэта ўсё? – з нейкім абурэннем пытае касірка.

– Усё, – адказваю цвёрда.

–  І болей нічога? Не курым, не п'ём? У мяне ёсць і ў малых расфасоўках!

У адным садова-агародным пабліку пабачыла такі спосаб абараніць ягады ад птушак: пасадзіць дзіцячыя цацкі. Як пайшлі клубніцы, у мяне поўны гарод драздоў, і ніякая трасца іх не бярэ. Пайшла дастала з цёмнага кута старыя цацкі, пасадзіла.

Слухайце, з абеда дразды ў задуменні, сядзяць на яблыні і чэшуць патыліцы, але на граду – ні нагой)

У нашай унорыцкай бабы Марусі была сяброўка, баба Маня. Адна з самых адукаваных вясковых жанчын  – працавала сакратаркай у тэхнікуме.

Дык вось калі яна ішла ў грыбы ці ягады, зайшоўшы ў лес, найперш шукала вужа. Знаходзіла. Вужа тога трэба было забіць і павесіць на дрэва. Тады і грыбоў, і ягад будзе поўна. Без таго, каб не прынесці ахвяру лесу, збіраць нічога яна не пачынала.

Дзякуй Богу, я з бабай Маняй у лес ніколі не хадзіла, а баба Маруся была чалавекам цвярозай думкі і вужоў на ахвяры не пераводзіла. Таму пра гэты дзіўны звычай я даведалася толькі сёння, рэтраспектыўна.

Увесь дзень думаю, якія ж глыбокія, тысячагадовыя і болей, бываюць у людзей прымхі.

На лавачцы побач са мной сядзіць мужчына сярэдняга веку і меланхалічна п'е піва. Адсёрбвае, глытае, глядзіць навокал, падымае вочы ў неба, зноў адсёрбвае. Нарэшце дапівае, пранікнёна глядзіць у бутэльку і з глыбокім пачуццём кажа ў яе:

 – Спасіба.

Адправілі Іллюху ў лагер, муж застаўся на гаспадарцы, а я закацілася ў вёску. Набрала сабе смачнай ежы, узяла з сабой кніжку "Купала і Колас жартуюць", адпісалася ад апошніх навіновых каналаў і цяпер валяюся ў бабінай хаце, то ўміляюся, а то хіхікаю з Дамінікавіча і Міхайлавіча, хаджу паглядзець на бацюхну Дняпро і скубу за вушкамі тутэйшых катоў. Іншы раз даносяцца да мяне нейкія абрыўкі знешняга свету, але тут усё гэта навіновае падаецца такім балаганам і цыркам, што не верыцца, як такое ўвогуле можа быць пасярод боскай прыгажосці, якой ёсць наша зямелька. Кароста нейкая паналіпла на жыццё харошых людзей, гары яна гарам.