Дзённік настаўніцы. 8 кастрычніка

Ганна Севярынец
08.10.2023

Я сёння заблукала ў лесе. Паехалі мы з мужам у грыбы ў незнаёмы лес, зайшлі на разведку ў ельнічак, і праз 15 хвілін я вазьмі ды й згубіся. Вецер, дрэвы шумяць, ніякага "ау" не чутно, трасы і шуму машын не чутно таксама, а шчэ ж грыбы, якіх у лесе поўна, вабяць.

І вось калі я зразумела, што заблукала не на жарт, што я ні на грам не разумею, дзе я, дзе дарога, дзе машына, дзе хоць які населены пункт, што я не маю ані зялёнага паняцця, у які бок хаця б ісці, каб выбірацца, і што інтэрнэту ў мяне няма, тут мне стала так весела)

Ажно ў галаве прасвятлела і ў грудзях прасвяжэла) Бо нарэшце з галавы вылецелі ўсе, усе да апошняй думкі, акрамя адной: без панікі, куды-небудзь я выйду.

О, як я нагулялася па бярэзніках, ельніках, цесных пасадках і сухіх узлесках! Калі раптам з'яўлялася сувязь, тэліла Юры і вясёлым голасам дакладала, што ўсё яшчэ не разумею, дзе я, але хутка зразумею. Потым я выйшла да поля нейкай жоўценькай сурэпкі, вакол якога стаяў сцяной магутны бор, і пастаяла, разявіўшы рот ад прыгажосці. Потым палезла праз густы ельнік у бок меркаванай трасы, і зноў выйшла да сурэпкі, а потым яшчэ раз да яе, і ўсё гэта стала нагадваць казку з нейкай няяснай мне мараллю, тады я падумала, што трэба ўжо пераходзіць таксама да нетрывіяльных метадаў - і запела песню пра зялёны дубочак, мне падалося, што яна мяне выведзе. І спеўшы два разы, выбілася я на грунтовую дарогу, а там і на трасу. Свіснула мужу, і ён за мной прыехаў за чатыры кіламетры ад таго месца, дзе мы зайшлі ў лес.

А грыбы ўсё белыя і тры лісічкі. І ніякіх прыдуркаў са сваімі войнамі, быццам бы іх і няма на белым свеце.