Дзённік настаўніцы. 20-21 кастрычніка

Ганна Севярынец
21.10.2023

Гэтыя дзеці, якім у 2019 было ад 14 і да 19 гадоў, на чый нежны ўзрост абвалілася вось гэтае вось усё, ад кавіда, які сапсаваў ім апошнія школьныя гады, першыя курсы, медыюмы і выпускныя, да ўсяго наступнага, цяжкога і для нас, а ўжо для іх якога вар'яцкага – гэтыя дзеці мой несупынны боль. Я іх калі бачу паасобку, не ў натоўпе, я стрымліваюся з апошніх сіл, каб паводзіць сябе з імі як роўная з роўнымі, а не як запалошная курыца з абдымкамі і прычытваннем. Хаця над кожным хочацца і распрасцерці крылы, і заплакаць.

Зараз пабачыла аднаго такога з гітарай. Тоненькі, худзенькі, невысокі, у дрэдах. Такіх у дваццатым білі першымі.

Высокім, хлапечым голасам, у якім звініць няёмкасць, аб'яўляе песню. Запеў. То голас быў ціхі ад няёмкасці, а запеў так файна! Гучна, чыста, і па-беларуску. Грошы збірае ў вязаную шапку з пампонам.

Іду плачу цяпер.

 

 

Ты пытаешся чаму я маўчу і чаму не спыняю войнаў

Ну па-першае я і праўда не маю такіх паўнамоцтваў

А па-другое паслухай вы так доўга жылі ў спакоі

Што згубілі арыентацыю ў прасторы і патрэбу ў вышэйшай моцы

Вы пачалі руйнаваць межы дабра і зла

Вы прыдумалі што яны не існуюць аб’ектыўна

Ну слухай ну нешта ж мусіла вам паказаць

Анёла на плячы і д’ябла за спінай

Паслухай хіба не ты казала што разуменне дабра залежыць ад пункту гледжання

Хіба не ты спрабавала зразумець забойцаў і дараваць крадзяжу

Ну ты ж ведаеш у мяне ўсё зафіксавана і з розных бакоў пацверджана

Дый ты сама ўсё памятаеш што я тут табе кажу

Цяпер глядзіце адчувайце і я з вамі таксама яшчэ раз адчую

Ці існуе аб’ектыўна рай і ад

Чакайце дна вось яго скажу па сакрэце сапраўды не існуе

Чакайце калі вернецца тое што ніколі не вяртаецца назад

Я ўжо таксама ці верыш сплакаў усе вочы

Сто мільённы раз за апошнія дзве тысячы гадоў

Хто б спытаўся мяне тады ці хочаш ці нават ці гатовы ты Ойча

Глядзець на ўсё гэта са сваіх бясконцых крыжоў

А яшчэ скажу табе цяпер ужо можна

Ты ўжо дарослая і на скронях тваіх серабро

Зло ніколі і нікім не будзе канчаткова пераможана

Але вы можаце зрабіць так

Каб пераможаным не было і Дабро.