Арыстоцель і Алексіевіч пра шчасце жыць у невялікай утульнай краіне

09.02.2021

Плутарх у сваім вядомым творы “Параўнальныя жыццеапісанні” узгадвае, як Арыстоцель у час прыватных урокаў тлумачыў Аляксандру Македонскаму сваю “ Нікамахаўскую этыку” (названая ў гонар сына Нікамаха) : “Каб быць шчаслівым, чалавек павінен шукаць залатую сярэдзіну ва ўсім: у асалодзе, у навуковых штудыях, у рамесніцкім майстэрстве, у дабрачыннай грамадскай дзейнасці на карысць поліса … Але гэта ўсё будзе магчымым, калі дзяржава-поліс будзе невялікай, утульнай … Яна павінна, паэтычна кажучы, умяшчацца ў вакаём, які будзе адкрывацца з вяршыні высокай гары…”.
Як вядома, Аляксандр Вялікі не паслухаў свайго выхавацеля. Дажыўшы ў пераможных кампаніях да 34 гадоў, пакарыў блізкіх ворагаў-суседзяў, здабыў Сірыю, Палесціну, Егіпет і памёр, выснаджаны ў індыйскім паходзе.

Вялікі настаўнік перажыў вялікага вучня на 1 год і паспеў сказаць: “Не паслухаў …Свабоднае лагічнае і сістэмна-эмацыйнае выхаванне, пэўна, трэба сумяшчаць са строгімі патрабаваннямі …”.

Пра Святлану Алексіевіч мы ведаем амаль усё. “Амаль”, таму што яна – асоба даволі закрытая. Міфамі яна яшчэ не абрасла. Аднак ў даведніках і сацыяльных сетках у раздзеле “Афарызмы” побач з вельмі асабістымі меркаваннямі пра вайну, каханне, смерць, гендэр (кшталту “ Мужчина не бывает старше 14 лет»), знаходзім «Для меня вопрос стоит более конкретно: где я хочу жить – в ВЕЛИКОЙ стране или НОРМАЛЬНОЙ».
Адна мая вельмі блізкая знаёмая – на жаль, ужо нябожчыца – на 70-я угодкі Станіслава Шушкевіча прысвяціла яму верш, дзе паміж іншых суперлятываў і ляўдацый былі тры жартаўлівыя страфы пра гістарычныя Віскулёўскія пагадненні, напісаныя з версіфікатарскімі алюзіямі на знакамітых “Слуцкіх ткачых” Максіма Багдановіча:

Ад менскіх ніў, са спікер-хаты
У край пушчанскі Віскулі
Ён быў гістрыяй узяты
Ткаць новы лёс сваёй зямлі
… А за вакном, як ашалелы,
Круціўся снежаньскі віхор,
І сцяг наш бел-чырвона белы
Ужо нам мроіўся вакол.

Глядзіць з нябёс на пушчу поўня,
Дабраслаўляе родны край
Саюзнай бальшавісцкай ЁЎНІ
Сказалі мы навек “Бывай!”

Цямнее край зубчаты бору,
І з-пад алоўка паўстае
Заміж імперскага узору
Малюнак новы – Эс Эн Дэ …
Аўтарка – не беларуска. Нарадзілася ў Маскве, але палюбіла Беларусь, беларусаў і беларускую мову. Пачала пісаць беларускія вершы. Часта ўзгадвала, як

зведала сапраўдную асалоду, сплючы на духмяным сене першага пакосу ў прасторнай чыстай ёўні-пуні ў вёсцы на Полаччыне.

Кожнае слова набывае новыя колеры і адценні, сагрэтыя або адчужаныя сілай пачуцця. Думкі вялікіх людзей далятаюць да нас з іншых эпох і прастораў.

09.02.2021