КАЎРЫГА Павел Антонавіч
Галоўны кліматолаг краіны
Нарадзіўся 18 чэрвеня 1946 г. у в. Кайцені Маладзечненскага раёна.
Усё жыццё звязана з БДУ: вучоба на геаграфічным факультэце (спецыялізацыя “кліматалогія”) і аспірантуры, праца ад асістэнта да дацэнта кафедры агульнага землязнаўства. У 1974 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю “Меліярацыя клімату глебаў асушаемых тэрыторый”.
Праходзіў навуковую стажыроўку ва ўніверсітэтах Берліна і Гале (Германія), Маскоўскага дзяржуніверсітэта імя М.В.Ламаносава.
Аўтар больш за сто навуковых прац і вучэбных дапаможнікаў, у тым ліку дзвюх манаграфій, 5 вучэбных дапаможнікаў, 30 арыгінальных кліматычных і феналагічных карт, што ўвайшлі ў “Атлас Рэспублікі Беларусь”, “Нацыянальны атлас Беларусі”, “Энцыклапедыі Беларусі”. З 1990 г. выкладае па-беларуску. Дысцыпліны – “Метэаралогія і кліматалогія” (асноўны курс; 50 гадз., 150 студ.); спецкурсы “Аэралогія” ( 24 гадз, 15 студ.), “Дыстанцыйныя метады ў гідраметэаралогіі” (22 гадз., 15 студ.), “Агракліматалогія” (24 гадз., 15 студ.), “Клімат і кліматычныя рэсурсы Беларусі” (20 гадз., 15 студ.).
Стварыў і выдаў “Руска-беларускі слоўнік па метэаралогіі і кліматалогіі” (Мн.: БДУ, 1992. 46 с.). Усе дапаможнікі выдадзены на роднай мове: Вучэбная практыка па метэаралогіі і кліматалогіі. Мн.: БДУ, 1995. 36 с. Характарыстыка клімату Беларусі. Мн.: БДУ, 1995. Лабараторны практыкум па метэаралогіі і кліматалогіі. Мн.: Ураджай, 1997. 157 с. Метэаралогія. Мн.: БДУ, 2005. 186 с. Падрыхтаваў да друку вучэбны дапаможнік “Кліматалогія” (200 с.). Ім створана методыка пабудовы буйнамасштабных мікракліматычных карт, якія дазваляюць весці сельскую гаспадарку ў адпаведнасці з экалагічнымі ўмовамі канкрэтнага поля, правільна вызначаць нормы і тэрміны правядзення меліярацыйных і агратэхнічных мерапрыемстваў. Даследуе праблемы сучасных змяненняў і ваганняў клімату, яго экстрэмальныя праяўленні – засушлівасць і пераўвільгот-ненасць, якія парушаюць устойлівае развіццё прыродных і сацыяльных сістэм Беларусі.
На семінарскіх занятках 1 курса, якія наведалі прадстаўнікі ТБШ, усе студэнты на добра і выдатна распавядалі пра кліматычныя паясы Зямлі, толькі чатыры з 15-ці адказвалі па-руску.
Павел Антонавіч Каўрыга — лаурэат прэміі імя акадэміка Вацлава Ластоўскага – 2007 года.
Фотарэпартаж з цырымоніі ўзнагароджання 16 чэрвеня 2007 г.
А.Л.