Дапаможнікі педагогам

22.09.2006

У дапамогу педагогам і бацькам.

Беларускамоўныя дапаможнікі і іншыя выданні, адрасаваныя педагогам і бацькам, падрыхтавалі да новага навучальнага году грамадскія арганізацыі «Цэнтар Супольнасьць», «Таварыства беларускай школы», «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» і сацыяльна-педагагічнае грамадскае аб’яднанне «Чазенія».


Сярод іх:


І. Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў https://nastaunik.eu
Гэты партал створаны для дапамогі тым, хто хоча зрабiць беларускую школу сучаснай, прэстыжнай, канкурэнтаздольнай. Сучаснасць школы немагчыма ўявiць без прагрэсiўных методыкаў, дэмакратычных адносiнаў i еўрапейскай арыентацыi.
Сайт https://nastaunik.eu задумваўся як сайт-бібліятэка з унікальным зборам літаратуры, прысвечанай метадычнай і грамадзянскай адукацыі.
Сайт знаёміць з тэндэнцыямі адукацыі ў свеце, з інавацыйнымі тэхналогіямі і метадамі выкладання, якія грунтуюцца на дэмакратычных каштоўнасцях, а таксама вынікамі ўжывання дадзеных тэхналогій у Беларусі. Раздзелы, прысвечаныя грамадзянскай адукацыі і нацыянальнаму выхаванню, дапамогуць настаўніку вярнуць сапраўдны сэнс паняццю патрыятызм і паўплываць на фармаванне дэмакратычнага светапогляду вучняў, працаваць дзеля пабудовы дэмакратычнага грамадства ў Беларусі.
Матэрыялы, змешчаныя на сайце, прадстаўлены беларускімі навукоўцамі і педагогамі – удзельнікамі праграмы «Настаўнік. Школа. Грамадства». Праграмная абалонка дазваляе кожнаму настаўніку скапіяваць патрэбную інфармацыю, а таксама дадаць свае метадычныя распрацоўкі.
Сайт мае падпіску на рассылку адукацыйных навінаў.

ІІ. Партал «Нашыя Дзеткі» http://dzietki.org Партал «Нашыя Дзеткі» http://dzietki.org,
Cтвораны ў дапамогу сем’ям, якія гадуюць дзяцей па-беларуску. На сайце змешчаныя:
 арыгінальныя і адаптаваныя артыкулы пра ўсе пытанні ад цяжарнасці да школы;
 гульні ды забаўкі (тэксты дзіцячай літаратуры, музыка, слайды, флэш-анімацыя);
 даведкавая інфармацыя пра ўстановы адукацыі;
 кансультацыі адмыслоўцаў: медыкаў, праўнікаў, мовазнаўцаў ды інш.;
 форум для сумеснага абмеркавання надзённых праблемаў: віншаванні, ды інш.;
 афіша падзеяў і імпрэзаў, звесткі пра тавары¬, паслугі, водгукі спажыўцоў.
Адметнасць сайта – сума двух складнікаў:
 Беларускасць: сайт прапануе выключна беларускамоўную, арыентаваную на мясцовага спажыўца інфармацыю.
 Сучаснасць: імкнемся давесці памылковасць стэрэатыпаў пра беларушчыну як пра састарэлую, вясковую, непрыдатную для цяперашняга паўсядзённага жыцця з’яву.

ІІІ. Дапаможнік «Скарбонка гульняў»
Кніга адрасаваная настаўнікам, сацыяльным педагогам, пазашкольным педагогам, трэнерам, якія працуюць ў галіне нефармальнай адукацыі, бацькам, а таксама ўсім, хто любіць забавы.

IV. Серыя метадычных дапаможнікаў на краязнаўчую тэматыку
Грамадзянскае і краязнаўчае навучанне – адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці Таварыства беларускай школы. Праведзены шэраг навукова-практычных канферэнцый. Падрыхтавана каля паўсотні праграм. Выдадзены «Стаўбцоўшчыназнаўства», «Валожыншчыназнаўства», «Заслаўезнаўства», «Лельчычшчыназнаўства», «Лунінеччыназнаўства».

Грамадскія арганізацыі і асобы, што спрычыніліся да выдання гэтых дапаможнікаў, ставілі за мэту спрыяць працэсам станаўлення нацыянальнай адукацыі, дэмакратызацыі навучальнага працэсу, далучэнню нашай краіны да агульнаеўрапейскай адукацыйнай і культурнай прасторы.
Прэзентацыя беларускамоўных выданняў адбылася 21 верасня ў 17.00 у сядзібе ТБМ (Румянцава,13)