Іна Кебікава выйгала суд, які прызнаў незаконным яе звальненне са школы. Гэты суд выйграла не толькі Іна, але і дзеці Грыцэвіцкай школы, якім вярнулі любімую настаўніцу і веру ў справядлівасць.
12 лютага Мінскі абласны суд пацвердзіў, што рашэнне раённага суда аб аднаўленні на працы маладой настаўніцы было законнае. Іна Кебікава так пракаментавала судовае рашэнне: “Так, я лічу, што рашэнне суда было справядлівае. Хаця ў мяне было мала надзеі, што яно будзе менавіта такім. Фармальна мяне звольнілі за прагул, але за гэтым стаяў мой удзел у мясцовых выбарах. Мне ўвесь час выказвалі абурэнне, што я нашу шалік “Наша Ўкраіна”, што ў мяне сумка са значкамі, што я размаўляю па-беларуску”. Загадчык Клецкага аддзела адукацыі Анатоль Клімовіч выступіў на судзе і заявіў, што звальненне было абгрунтаванае: “Мы імкнуліся яе як маладога спецыяліста накіраваць на шлях ісціны, але гэтага не адбылося”.
У выпадку прызнання законным звальнення Іны Кебікавай, яна як малады спецыяліст, звольнены з працы, атрыманай паводле размеркавання, мусіла б заплаціць Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсытэту імя Максіма Танка каля 14 мільёнаў рублёў, выдаткаваных на яе навучанне.
Іна Кебікава, яшчэ будучы студэнткай, па-валантэрску дапамагала ў стварэнні сайта www.Nastaunik.info. Яе пераклады з англійскай і іншых моваў папоўнілі раздзелы «метадычны дапаможнік», «грамадзянская адукацыя», «педагагічная майстэрня». У мінулым годзе яе размеркавалі на Клеччыну.
Чытайце інтэрв'ю Іны Кебікавай Радыё Свабода: «Веру, што мая першая настаўніца не адрачэцца ад мяне».
Іна Кебікава выйграла суд
13.02.2007