Праца 11-класніцы атрымала высокую ацэнку прафесара

09.04.2007

Праца 11-класніцы атрымала высокую ацэнку прафесара

У Светлагорску праведзена навукова-практычная канферэнцыя для старшакласнікаў. Сярод прызёраў канферэнцыі – 11-класніцы Анастасія Каваленка і Наталля Зыкун, якія падрыхтавалі свае працы па выніках удзелу ў археалагічных экспедыцыях. Высокую ацэнку працы Анастасіі даў прафесар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта С. Рассадзін.

Мінулым летам некалькі дзясяткаў навучэнцаў і студэнтаў дабраахвотна ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках у Жлобінскім і Светлагорскім раёнах. Экспедыцыі ладзіліся пры ўдзеле Светлагорскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ).

Па выніках экспедыцый Светлагорская арганізацыя ТБМ праводзіла праграму падрыхтоўкі вучнёўскіх навукова-практычных працаў, у якой узялі ўдзел А. Каваленка і Н. Зыкун. У выніку на раённай канферэнцыі Анастасія заняла І-ае месца ў секцыі краязнаўства, а праца Наталлі адзначана ІІ-м месцам у секцыі гісторыі Беларусі.

Анастасія – адна з першых, хто дабраахвотна дапамагаў праводзіць даследаванні ў вёсцы Каралёўская Слабада Светлагорскага раёну. Там праходзілі першыя археалагічныя раскопкі горада Казімір, які стаяў на месцы гэтай вёскі ў ХVII ст. “Гэта – родная вёска майго бацькі, таму яе гісторыя вельмі зацікавіла мяне – гаворыць А. Каваленка. –
Пасля экспедыцыі я пачала збіраць мясцовыя легенды і паданьні, фальклор, успаміны тутэйшых жыхароў. Думаю, што некаторыя легенды могуць паходзіць яшчэ з часоў Казіміра.”

Кіраваў раскопкамі ў Каралёўскай Слабадзе доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін. «Акрамя вядомых звестак, у працы А. Каваленкі змешчаны выяўленыя аўтаркаю арыгінальныя гістарычныя, фальклорныя і мемуарныя дадзеныя. Яны дапаўняюць, у прыватнасці, маё ўяўленне аб гісторыі вёскі Каралёўская Слабада. На мой погляд, гэта работа заслугоўвае самай высокай ацэнкі" – адзначыў С. Рассадзін у сваёй рэцэнзіі. Асаблівую частку працы складаюць мікратапонімы, якія дзяўчына сабрала ў вёсцы са словаў жыхароў – гэта 32 назвы мясцовых азёр, лясоў, палёў і іншых мясцін.


Інфармацыю даслаў Тэльман Маслюкоў, Светлагорская арганізацыіяТаварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны