Заўтра ў беларускіх школах прагучыць апошні званок
25 траўня ў школах Беларусі афіцыйна завершыцца навучальны год. Як паведамілі ва ўпраўленні агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі, школу сёлета сканчаюць амаль 94,5 тысячы выпускнікоў 11–12 класаў і амаль 80 тысяч дзевяцікласнікаў.
Колькасць выпускнікоў базавай школы сёлета скарацілася амаль удвая – у 2006 годзе іх было 143 тысячы. Атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымае амаль столькі ж выпускнікоў.
У сувязі з правядзеннем “апошняга званка” 25 траўня з 18.00 будзе забаронены продаж алкагольных і слабаалкагольных напояў. Ужо 28 траўня ў школах пачнуцца выпускныя іспыты. Навучэнцы 11–12 класаў здаюць тры іспыты: рускую або беларускую мову, матэматыку і адзін іспыт на выбар. Навучэнцы 9–10 класаў будуць здаваць чатыры іспыты: рускую і беларускую мовы, матэматыку і гісторыю Беларусі. Завершацца іспыты 9 чэрвеня, а 12 чэрвеня пачынаецца цэнтралізаванае тэставанне – у гэты дзень пройдзе выпрабаванне па беларускай мове.
Паводле БелаПАН
Заўтра ў беларускіх школах прагучыць апошні званок
24.05.2007