Конкурс у Беларускі ліцэй — 2 чалавекі на месца
Паводле газеты «Наша ніва»
У Беларускім ліцэі імя Якуба Коласа прайшоў новы набор. Сёлета на першы курс (адпаведнік 8 класа па 11‑гадовай навучальнай сістэме) набралі дзве групы, а таксама сфармавалі яшчэ адну дадатковую групу на трэці курс.
Конкурс у падпольны ліцэй быў 1,5—2 чалавекі на месца. «Гэта і зразумела ў такіх умовах», — кажа намесніца дырэктара па навучальнай працы Ірына Сідарэнка. Паводле яе словаў, будучых ліцэістаў прываблівае найперш мова навучання: «Так і кажуць — хочам вучыцца на роднай мове».
Падсумоўваючы вынікі гэтага навучальнага году, спн.Сідарэнка адзначыла, што выпускнікі ліцэю паказалі выдатныя вынікі: сярэдні бал склаў каля 9 балаў. Ліцэісты, што здавалі іспыты пасля дзявятага класа, таксама не расчаравалі — сярэдні бал склаў 8—8,5 балаў.
Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа ўзнік у 1990 г. як нядзельны ліцэй пры Таварыстве беларускай мовы. У 1991 г. быў створаны стацыянарны Беларускі гуманітарны ліцэй. Яго заснавальнікі ставілі мэтай стварыць беларускую па духу навучальную ўстанову еўрапейскага ўзору, якая б давала грунтоўныя гуманітарныя веды. У 2003 г. Міністэрства адукацыі ліквідавала Ліцэй, матывуючы гэта неабходнасцю «аптымізацыі навучальнага працэсу», і пазбавіла яго будынку на вул.Кірава.
З таго часу Ліцэй працуе ў падполлі. Нягледзячы на вучобу на канспіратыўных кватэрах, пераезды і маральны ціск, Ліцэю ўдаецца захоўваць выдатны выкладчыцкі калектыў, а яго выпускнікам — паспяхова здаваць уступныя тэсты ў беларускія і замежныя ВНУ.
Коласаўскі ліцэй жыве
19.06.2007