За ліцэй сапраўдны – з мовай і праўдай!
Плакат з такім надпісам упрыгожваў залю, дзе на выпускную вечарыну сабраліся ліцэісты, іх бацькі, настаўнікі, ды іншыя госці. Рэжысёр Валеры Мазынскі ўручыў выпускнікам ганаровыя дыпломы Таварыства беларускай школы «За вернасць беларускай мове, адданасць нацыянальнай школе і ідэалам вольнасці Беларусі". Гэта першы выпуск ліцэістаў, якія прыйшлі ўжо ў зачынены ліцэй у 2003 годзе і чатыры гады навучаліся ў падпольных умовах на прыватных кватэрах. Часам ад АМАПаўцаў і бабулек-суседак іх баранілі журналісты. Яны на вечарыне былі жаданымі гасцямі.
Вечарына адбывалася якраз у купальскую ноч. Гучала дуда Змітра Сідаровіча, купальскія спевы. Былыя талакоўцы Вера Кандраль і Ілля Арыстаў навучылі ўсіх прысутных беларускім гульням. А скульптар Генік Лойка адкрыў сваю скульптуру «Абарона ліцэя».
Адбылася выпускная вечарына ліцэістаў БГЛ
27.06.2007