Птушкі – 2007

27.06.2007

Настаўнік арганізаваў у Астраўцы выставу “Птушкі-2007”.
Паводле Belngo.info
Гасцёўня пры раённай бібліятэцы Астраўца прымала званых гасцей — фотамастакоў з Гродна, сябраў грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Георгія Гулеўскага і Зміцера Вінчэўскага. А запрасіў іх прыехаць у мястэчка вялікі аматар прыроды і знаўца птушынага свету настаўнік Станіслаў Памецька. Напачатку была арганізавана выстава “Птушкі-2007” – каля трох дзесяткаў здымкаў пярнатых, што насяляюць Беларусь. Гэта і сінічка, і аляпка, і арлец, і авяльга (івалга), качка з вывадкам, і... Але лепш самому ўбачыць, таму што выстава будзе працаваць тут два тыдні. Гасцей акружыла шмат наведвальнікаў і многія, асабліва дзеці, пыталі ў Гулеўскага, як яго захапленне доўжылася ўсё жыццё. А той успамінаў школьныя гады, калі пасля 8 класа пачаў падпрацоўваць, каб купіць сабе фотаздымач. А напрыканцы вучобы угаварыў матулю, каб тая аддала яму грошы, адкладзеныя на выпускны касцюм, на фотаружжо. Так і пачаў фотапаляванне. А Зміцер Вінчэўскі больш распавядаў пра арганізацыю і яе мэты. Слухачы даведаліся, што цяпер ГА налічвае 1700 чалавек рознага ўзросту, мае 10 аддзяленьняў у рэгіёнах Беларусі і амаль 100 дзіцячых клубаў “Крылаты дазор”.
Алесь Васількевіч