Школьнікі просяць прэзідэнта абараніць іх ад прымусовага членства ў БРСМ і пазбавіць настаўнікаў пакаранння за гэтае рашэнне вучняў.
Сяргей Бародзіч з 11-га класа сярэдняй школы №33 Магілёва і студэнт 2-га курса Магілёўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа Павел Чарвінскі напісалі на гэты конт і генеральнаму пракурору. “Калі б усё было насамрэч на добраахвотнай аснове, то праз пару дзён ад гэтай арганізацыі засталася б адна назва”, – лічыць Чарвінскі.
Хлопцы не хочуць быць сябрамі БРСМ, бо арганізацыя не адпавядае іхнім інтарэсам і заснавана на ідэалогіі асобных чыноўнікаў. Маладзёнам не падабаецца, што на членскім білеце дагэтуль стаіць партрэт Леніна і ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі. “Якое гэта можа мець дачыненне да маладзёжнай палітыкі XXI стагоддзя?” – пытаюцца яны. Сяргей і Павел хочуць уступаць у тую ці іншую арганізацыю на ўласны выбар. Таму і звярнуліся да прэзідэнта з генпракурорам з просьбай пазбавіць іх ад прымусовага ўступлення ў БРСМ, піша Bulletinonline.org Паводле нашых звестак, хлопцаў падтрымалі некалькі аднакласнікаў, напісаўшы падобныя лісты. Яны просяць не пазбаўляць іх настаўнікаў 50% прэміі за тое, што вучні «не падпарадкоўваюцца іх незаконным патрабаванням».
Школьнікі просяць прэзідэнта абараніць іх ад БРСМ
21.09.2007