29 кастрычніка Дзень памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Беларусі.
У 1937 годзе, у ноч з 29 на 30 кастрычніка, карнымі органамі ў адным толькі Мінску было знішчана каля 100 бязвінных людзей – выдатных дзеячаў Беларусі. І заўважце каго! Дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, настаўнікі, навукоўцы, літаратары, работнікі асветы, сярод якіх наркам асветы Аляксандар Чарнушэвіч, рэктар БДУ Ананій Дз'якаў, выбітныя пісьменнікі Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот, Платон Галавач, лідэр патрыятычнай моладзі Алесь Дудар, медыкі, фізікі, юрысты, педагогі, хімікі, географы. Усіх звінавацілі ў антысавецкай дзейнасці. Вынішчалі эліту беларускай інтэлігенцыі. За перыяд 1937 — 1938 было расстраляна не менш за дзесяць тысяч чалавек.
Гэтым падзеям прысвечаны бюлетэнь аргкамітэта Года памяці «Рэха гулагу» (12 c., PDF, 2,18 MB), змешчаны на нашым сайце.
Вынікі таго расстрэлу мы адчуваем нават цяпер, праз 70 гадоў! Страх уеўся ў нашы гены і не дазваляе настаўніку падняць галаву, выступіць супраць прыніжальных кантрактаў, несправядлівых загадаў, непатрэбнай бюракратыі. Рукамі запалоханых настаўнікаў робяцца фальсіфікацыі на выбарах, выганяюцца за погляды лепшыя вучн і студэнты. Асабліва зараз, калі ідзе пераслед за іншадумства, трэба каб кожны сумленны грамадзянін і кожны выканаўца бяздумных загадаў, ведаў – пра яго будуць памятаць. І тое, што прачытаюць у падобным бюлетэні яго дзеці, – залежыць ад яго.
Лінія Сталіна
29.10.2007