Амерыканская школа вачыма беларускага настаўніка.
Тамара Мацкевіч
Гэты артыкул не прэтэндуе на грунтоўнасць і аналітычнасць. Тут сабраныя ўражанні ад наведвання амерыканскіх школаў, размоваў з калегамі, дзецьмі і бацькамі пра праблемы адукацыі.
Большасць беларусаў глядзіць на свет праз расійскае тэлебачанне, таму мы маем стэрэатыпныя ўяўленні пра Амерыку і амерыканцаў. Відаць, дзякуючы гумарысту Задорнаву, я чакала, што адукацыя ў амерыканскай школе будзе нізкага ўзроўню. Дык вось, мяркуйце самі: у 8 класе 5 абавязковых прадметаў: англійская мова, літаратура, матэматыка, сацыяльныя навукі і навука і навыкі для жыцця (асновы хіміі, фізікі, біялогіі, геаграфіі). Яшчэ дзённік прадугледжвае 3 пустыя клетачкі, куды можна ўзяць 3 прадметы паводле выбару. Гэта можа быць тэхналогія, тэатральнае мастацтва, кіраванне аўтамабілем і шмат чаго іншага. А наогул, цэнтралізаванай сістэмы адукацыі ў Амерыцы няма. Чаму і ў якім аб’ёме вучыць дзяцей, вырашаецца на мясцовым узроўні праз школьную Раду. Ні міністэрства адукацыі, ні адміністрацыя штата на гэты працэс не маюць уплыву.
У Williston Middle School праграма 8 класа па матэматыцы нічым не адрозніваецца ад праграмы нашай школы. Праўда, задачнік зусім іншы. Ён больш падобны на часопіс “Разгадайка”, які нашыя вучні скупляюць у кіёсках і рашаюць задачкі без прымусу. У амерыканскім задачніку больш заданняў на логіку, кемлівасць і практычнае прымяненне тэорыі. Затое, узяўшы кантрольную па грамадазнаўству, я змагла адказаць толькі на адно пытанне з пятнаццаці. Маіх практычных ведаў пра сацыяльнае ўладкаванне сучаснага свету нават пасля ўніверсітэцкага курсу грамадазнаўчых навук не хапіла на сярэдні ўзровень амерыканскага васьмікласніка.
Глядзець фотарэпартаж
Амерыканская школа вачыма беларускага настаўніка
30.05.2008