ТБМ вырашыла прыняць удзел у школьнай рэформе
Таварыства беларускай мовы вырашыла таксама прыняць удзел у школьнай рэформе. З гэтай нагоды сакратарыят ТБМ прыняў заяву пра пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў айчынных школах. Пра гэта заявіў у інтэрвію Еўрарадыё кіраўнік арганізацыі Алег Трусаў.
Трусаў: Калі рэформа — то мы прапаноўваем тут свае змены. Калі ўлада пачынае рэформу, мы прапановы ўносім. Як і ўсе грамадзяне, маем права. А справа ўлады — слухаць нас ці не. ТБМ прапанавала дадаць у дэкрэт прэзідэнта, прысвечаны зменам у сярэдняй адукацыі краіны, некалькі пунктаў. Па-першае, навучальныя прадметы «Гісторыя» і «Геаграфія» павінны выкладацца ва ўсіх школах, незалежна ад мовы навучання, толькі па-беларуску. Па-другое, колькасць гадзін на вывучэнне беларускай мовы і літаратуры ў 9—11 класах школ з рускай мовай навучання павінна павялічыцца на 30%. Па-трэцяе, у 11-м класе павінен праводзіцца дзяржаўны іспыт па беларускай мове і літаратуры.
Нагадаем, што Мінадукацыі Беларусі перавяло на рускую мову выкладанне «Гісторыі Беларусі" і «Геаграфіі Беларусі" ва ўсіх рускамоўных школах краіны, зменшыла колькасць гадзін на выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў старэйшых класах школ з рускай мовай навучання, а таксама зняло дзяржаўны іспыт па беларускай літаратуры.
Паводле Eўрапейскага радыё для Беларусі
ТБМ уносіць прапановы ў рэформу школы
11.06.2008