Саюз пісьменнікаў Літвы сумесна з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам запрашае студэнтаў да ўдзелу ў літаратурна-гістарычным конкурсе “Лаздзіну Пяледа і Вацлаў Ластоўскі: крыўскія міфы і гістарычныя лёсы”.
Мэтай конкурсу з'яўляецца актуалізацыя-рэканструкцыя досведу мінулага праз зварот да лёсаў персаналіяў, якія прымалі непасрэдны ўдзел у гістарычным працэсе нацыянальна-культурніцкага будаўніцтва, значна паўплывалі на спецыфіку літаратурнага працэсу Беларусі і Літвы ды пакінулі яскравы след у гісторыі двух народаў-суседзяў.
Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца аўтарскія работы ў выглядзе разгорнутага эсэ (нарыса) па вышэйадзначанай тэме аб’ёмам 6–10 друкаваных старонак, набраных 12 кеглем праз 1,5 інтэрвалу ў гарнітуры Times New Roman.
Апошні тэрмін падачы эсэ: 1 верасня 2008 г. Электронны адрас конкурсу: litkon@gmail.com.
Вынікі конкурсу, якія прадугледжваюць тры прызавыя месцы, а таксама дадатковыя намінацыі, будуць падведзеныя да канца верасня 2008 году, пасля чаго пераможцы атрымаюць запрашэнне да ўдзелу ў цырымоніі ўзнагароджання, якая адбудзецца ў кастрычніку 2008 году ў Літве (пра дакладнае месца і час пераможцы будуць папярэджаныя дадаткова). У якасці прызоў прадугледжаныя грашовыя прэміі. Арганізатарамі і куратарамі конкурсу плануецца выданне зборніку, у які, апроч працаў пераможцаў, будуць уключаныя найбольш грунтоўныя эсэ іншых удзельнікаў праекта.
Паводле рассылкі belngo.info
Літаратурна-гістарычны конкурс эсэ
19.08.2008