Конкурс «Беларускі настаўнік 2009 года»

30.12.2008


Таварыства беларускай школы абвяшчае конкурс для беларускамоўных педагогаў усіх тыпаў адукацыйных і выхаваўчых устаноў (ад дашкольных да каледжаў), акрамя ВНУ, са стажам працы не менш за тры гады. На кандыдата конкурса запаўняецца анкета рэкамендуючай арганізацыі, установы, або самім педагогам і дасылаецца да 1 сакавіка 2009 году на адзін з адрасоў: tbskoly@tut.by; 220051 Мінск, вул.Громава, 38–21. Лозку А.Ю. Могуць дадавацца іншыя матэрыялы, што падцвярджаюць высокія вартасці кандыдата. Пры неабходнасці журы ТБШ можа наведаць установу канкурсанта.

Конкурс будзе асвятляцца ў прэсе і на нашым сайце. Даведкі па тэл. 8029–7520821.

Задачы конкурса:

• маральная падтрымка беларускамоўных педагогаў адукацыйных устаноў;

• прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем роднамоўнага выкладання і выхавання ў базавых і сярэдніх школах, дашкольных і пазашкольных установах, ліцэях, гімназіях і каледжах;

• фармаванне грамадскай думкі аб прэстыжнасці навучання па-беларуску;

• аб’яднанне беларускамоўных педагогаў, спрыянне іх супрацоўніцтву, абмену досведам працы, арганізацыі супольных праектаў і інш.

Крытэрыі вызначэння пераможцаў конкурса:

• выкладанне па-беларуску дысцыпліны ці правядзенне выхаваўчай працы на роднай мове;

• прафесіяналізм і наватарства, творчасць і навуковасць;

• аўтарытэт сярод калег, бацькоўскай грамадскасці і навучэнцаў;

• высокая грамадзянская пазіцыя.

Усе дастойныя кандыдаты будуць адзначаныя дыпломамі ТБШ, асобна будуць ганараваны тры пераможцы-лаўрэаты ў красавіку 2009 г.

Нагадваем, летась ТБШ праводзіла конкурс «Беларускі настаўнік 2007 года» для беларускамоўных настаўнікаў Мінска і Мінскай вобласці. Пермаможцамі сталі настаўнікі Міхась Тычына з Мінска, Наталля Ільініч з Талькі, Галіна Дрокіна з Мададзечна; Антаніна Абрамовіч з Мётчаў (Барысаўскі р-н).
Сёлета ўдзельнічаць у конкурсе могуць настаўнікі з усёй Беларусі.