Выстава «Дэманструецца ўпершыню»

30.01.2009

29 студзеня Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі прадставіў экспазіцыю «Дэманструецца ўпершыню», складзеную з новых паступленняў у музейны збор.
Сярод найцікавейшых экспанатаў — радзівілаўская карта пачатку XVII
стагоддзя, арнат (убранне каталіцкага святара) з устаўкамі з слуцкага
пояса, парцалянавая талерка майсенской мануфактуры з сервізу польскага караля Аўгуста II Моцнага.

Як паведаміла намеснік дырэктара музея Ніна Калымага, ідэя стварэння
карты паўстала ў Мікалая Радзівіла Сіроткі. Яна была замоўленая мастаку-гравёру Томашу Макоўскаму, які завяршыў працу ў 1603 годзе.
Нажаль, першапачатковы варыянт карты не захаваўся. У 1613 году Т. Макоўскі выдае яе ў Амстэрдаме. На сёння вядомы толькі адзін асобнік — ён знаходзіцца ва універсітэце швецкага горада Упсала. Карта ж, прадстаўленая ў новай экспазіцыі музея, датуецца перыядам 1613—1630 гадоў.
На выставе прадстаўленыя таксама каштоўныя знаходкі археолагаў у курганных магільніках Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, матэрыялы
з сямейных архіваў, творы дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва.

Паводле БелаПАН