Праграмны твор Караткевіча – у аўдыёфармаце

03.02.2009

Раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” цяпер можна не толькі чытаць, але і слухаць. Выдавецка-рэкламная кампанія “БелТонМедыя” выпусціла яго ў фармаце МР3, чым запачаткавала бібліятэку аўдыёкніг знакамітага майстра айчыннай літаратуры.

Cорак гадзін эстэтычнага задавальнення вам забяспечаныя. І не трэба вочы сляпіць у паўзмроку грамадскага транспарту над тамінамі знакавага твору айчыннай літаратуры. Дырэктар “БелТонМедыі” Алесь Калоша кажа, што пачаць выпуск аўдыёкніг Уладзіміра Караткевіча менавіта з “Каласоў…” кампанію змусіла асаблівая роля рамана ў духоўнай прасторы беларусаў.

“Каласы пад сярпом тваім” — гэта не толькі высокамастацкі ўзор літаратуры, а твор, які і рабіў, і робіць, і будзе рабіць беларусаў па пашпарце — беларусамі па духу. Беларусамі, якія ўсведамляюць сваю гісторыю, якія ўсведамляюць свае карані, хто яны на гэтай зямлі, разумеюць сваю культуру. Асабліва, мне здаецца, гэты твор важны для беларускай моладзі“.

Гукавую анталогію Ўладзіміра Караткевіча складуць не менш за шэсць дыскаў. Першы з іх на гэтым тыдні ўжо з'явіцца на паліцах цэнтральных мінскіх кнігарняў і спецыялізаваных крамаў, дзе прадаюцца аўдыёдыскі. Наступныя дыскі аўдыёанталогіі Ўладзіміра Караткевіча чакаюцца цягам года.

Паводле Радыё Свабода