Вось ужо дзесяць год запар па ініцыятыве ЮНЕСКА 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Святкуецца ён і на Беларусі. Да гэтай даты Музей беларускага кнігадрукавання, які знаходзіцца ў Полацку, наладзіў выставу «Мова! Як сонца маё беларускае…»
У Вялікім Княстве Літоўскім беларуская мова была дзяржаўнай. Статут 1529 года – першы ў Еўропе звод законаў, створаны на аснове мясцовага нацыянальнага права, – быў выкладзены на тагачаснай беларускай мове. А ў Заходняй Еўропе тады карысталіся правам, складзеным на адзінай лацінскай мове. На беларускай мове друкавалі свае кнігі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Яна была роднай для К. Каліноўскага і Ф. Багушэвіча. На ёй напісалі свае лепшыя творы Я. Купала і Я. Колас, У. Караткевіч і В. Быкаў. Візітнай карткай Музея беларускага кнігадрукавання з яўляецца скульптура П.Вайніцкага «Прысвячэнне Роднаму Слову» (1999 г.), у вобразе якой мастак паказаў гісторыю беларускай мовы.
На экспазіцыі, якая будзе дзейнічаць на працягу трох месяцаў, можна ўбачыць мастацкія творы і даведачныя выданні, падручнікі і творы для дзяцей на беларускай мове. Асаблівую ўвагу прыцягваюць пераклады сусветна вядомых аўтараў Д. Дэфо, У. Шэкспіра, П. Мэрымэ, Ф. Дастаеўскага на родную нам мову.
Паводле Народных навінаў Віцебска
Выстава да Міжнароднага дня роднай мовы
13.02.2009