Зварот да настаўнікаў-краязнаўцаў

03.04.2009

Зварот да настаўнікаў-краязнаўцаў

Шаноўныя калегі.

18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА, ўжо 26-ты раз, адзначаецца Міжнародны Дзень помнікаў і мясцінаў. У гэты дзень прынята звяртаць асаблівую ўвагу на адметныя помнікі гісторыі і культуры, каб мацней адчуць значнасць гістарычных мясцін і прыналежнасць да мінулага і будучыні свайго краю. У дачыненні да нашай краіны гэтае свята набывае асаблівае значэнне.

Менавіта ў Беларусі з яе закінутымі храмамі, зруйнаванымі сядзібамі і зарослымі кустоўем могілкамі неабходна як найчасцей нагадваць грамадству пра нашу адказнасць перад нашчадкамі – захаваць і аднавіць тое, што мы яшчэ маем.

2009-ы год абвешчаны ў Беларусі Годам роднай зямлі. Гэта добрая нагода падтрымаць сусветную традыцыю святкавання Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў. Давайце ўключым свой патэнцыял у справу пашырэння ведаў пра гісторыка-культурную спадчыну Беларусі і асэнсавання яе значнасці! У прыватнасці, з 18 па 19 красавіка 2009 года ў розных гарадах Беларусі плануецца правесці шэраг экскурсій па найважнейшых помніках таго ці іншага рэгіёна. У Мінску такое мерапрыемства будзе называцца «Фэст экскурсаводаў".

Запланаваныя пешыя экскурсіі па гістарычным цэнтры горада, Залатой горцы, раёне трактарнага заводу, Грушаўскаму, Ракаўскаму прадмесцям, а таксама тэматычныя: “Мінск Музычны”, “Мінск Рэвалюцыйны” (1917 – 1920 гг.)”, “Татарская слабада” і інш. Шэраг экскурсій запланаваны ў Гродна і Гомелі. Ідэя арганізатараў заключаецца ў тым, каб на гэтыя экскурсіі прыйшлі ў першую чаргу тыя, хто кожны дзень праходзяць каля таго ці іншага помніка, але не звяртаюць на яго ўвагі. Данесці значнасць унікальных адметнасцей мясцовым жыхарам – вось што можа паспрыяць захаванню і адраджэнню таго ці іншага помніка! У Мінску рэклама аб правядзенні экскурсій будзе
распаўсюджвацца непасрэдна ў тым раёне, дзе яны будуць праходзіць.

Мы звяртаемся да Вас, шаноўныя гісторыкі і настаўнікі, краязнаўцы і экскурсаводы, супрацоўнікі музеяў, грамадскіх арганізацый і раённых аддзелаў культуры – ўсе тыя, хто неабыякавы да лёсу гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Прапануем далучыцца да арганізацыі святочных мерапрыемстваў у гэтыя дні, распаўсюдзіць сваё захапленне і заклапочанасць аб лёсе помнікаў як мага шырэйшаму колу людзей. Вы можаце прыняць удзел у “Фэсце экскурсаводаў” у Мінску, працягнуць гэтую ініцыятыву ў сваім горадзе ці нават рэгіёне або прапанаваць іншую форму святкавання Міжнароднага дня помнікаў і мясцін. Ініцыятыва вітаецца! Акрамя экскурсій, вы можаце наладзіць валанцёрскія прыборкі закінутай сядзібы, могілак, падрыхтаваць выставу фотаздымкаў у сваёй школе ці музеі.

Калі парупіцца кожны – то разам атрымаецца вялікае свята! Арганізатары бяруцца паспрыяць: цікаўным і ініцыятыўным – у пошуку краязнаўцы, і наадварот, краязнаўцам-экскурсаводам – у пошуку “сваёй” групы, а таксама дапамагчы у розных арганізацыйных пытаннях (раздрукоўка буклетаў, аб'яваў, фотаздымкаў, і інш.). І не забудзьцеся паведаміць нам пра вашую ініцыятыву, каб мы мелі магчымасць уключыць яе ў агульную праграму мерапрыемстваў.

Заключным этапам святкавання Міжнароднага Дня помнікаў і мясцінаў павінен стаць канцэрт 19 красавіка ў Мінску ў Палацы дзяцей і моладзі, куды мы запрашаем усіх, ахвочых і зацікаўленых. І асабіста тых, у каго атрымаецца правесці экскурсію ці нейкае іншае мерапрыемства ў сваім раёне! Гэта будзе добрая нагода, каб пазнаёміцца і падзяліцца досведам для ўсіх, каго хвалюе лёс гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі.

З найлепшымі пажаданнямі і спадзяваннямі на плённае супрацоўніцтва,

Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС),
Беларускі фонд культуры, Маладзёжнае грамадскае аб'яднанне “Гісторыка”,
Гісторыка-краязнаўчае таварыства “Этна” БДУ культуры і мастацтваў,
Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў”.

Па ўсіх пытаннях можна звяртацца:
Зміцер Рагачоў, 8 029 7550370 МТС (каардынатар па працы з рэгіёнамі),
Павел Каралёў, 8 029 7762435 МТС (каардынатар па г.Мінску),
Цімох Акудовіч, 8 029 5571124 МТС (агульная каардынацыя і пытанне канцэрта).