Новы сайт беларускіх казак

24.04.2009

«Казкі беларускія» — новая спроба паспрыяць выхаванню дзетак на роднай мове, дапамагчы бацькам лёгка, за чытаннем баек і жартаў, пераадольваць моўны бар’ер і прывучаць дзяцей да самога гучання мовы.


Апроч казак, якіх з кожным днём на старонцы будзе большаць на адну, рэсурс прапануе прымаўкі, конкурсы, сцэнкі, анекдоты, загадкі, скарагаворкі, калыханкі, прыпеўкі, лічылкі і розныя дапаможнікі для беларускіх бацькоў. Пакуль што на сайце няма і паловы таго, што запланавана змясціць тут з цягам часу. Напрыклад, укладальнікі збіраюцца выкладаць беларускамоўныя дзіцячыя кніжкі, якія будзе можна спампоўваць. Зараз на «Казках» прапануецца спампаваць толькі адну кніжку — «Чытанку для дзіцячага сада», створаную мовазнаўцамі Вінцуком Вячоркам і Пятром Садоўскім адмыслова для беларускамоўнага малога. Апроч таго, на сайце будуць з’яўляцца апошнія навіны, якія тычацца выхавання дзяцей — усё, што знойдзецца па іншых інфармацыйных крыніцах пра дзяцей і бацькоў.


Стваральнікі гэтага рэсурсу — таксама бацькі, якім надакучыла чакаць, пакуль «прафесійныя сілы» зацікавяцца дзіцячымі справамі. Таму сама старонка выглядае крыху па-хатняму, трапляюцца і апіскі, і памылкі. Відавочна, зараз самы час лінгвістам далучыцца да ініцыятывы. Адначасова да ўдзелу ў «Казках» запрашаюцца проста ўсе зацікаўленыя — тут можна зарэгістравацца і пакідаць уласныя каментары і творы.


Ад звычайных дзіцячых казак рэсурс адрозніваецца «інтэрнэт-фарматам» матэрыялаў, вялікімі яскравымі ілюстрацыямі да кожнага артыкула, адзначаюць стваральнікі старонкі. Адкрыўшы старонку на ноўтбуку, можна чытаць казку на ноч адразу з манітора, разам разглядаючы малюнкі.


Адрас сайта – http://kazki.by/


Паводле naviny.by