20–27 верасня 2009 года ў Беларусі плануецца правядзенне «Тыдня нефармальнай адукацыі -2009».
Працоўная група па падрыхтоўцы “Тыдня-2009” запрашае партнерскія арганізацыі, якія займаюцца нефармальнай адукацыяй, бізнес-арганізацыі, ініцыятыўную групу, трэнераў і экспертаў да ўдзелу ў распрацоўцы і правядзенні мерапрыемстваў у межах Тыдня.
Тэма сёлетняга Тыдня: «Нефармальная адукацыя (НФА) у Беларусі – да павышэння якасці жыцця».
Мэта “Тыдня НФА – 2009” – прадэманстраваць, якім чынам нефармальная адукацыя можа спрыяць павышэнню якасці жыцця чалавека.
Паляпшэнне якасці жыцця, апроч іншых вызначэнняў, можа разумецца таксама як магчымасць вольнага выбару чалавекам розных ладаў жыцця. Чым больш чалавек мае для выбару ладаў жыцця, тым вышэй якасць яго жыцця.
Нефармальная адукацыя ў гэтым выпадку можа разглядацца як інструмент, які дазваляе зразумець, убачыць і далучыцца да ўсёй разнастайнасці існуючых і магчымых ладаў жыцця, а таксама як эфектыўны інструмент, які спрыяе фармаванню ключавых сацыяльных, грамадзянскіх і іншых кампетэнцый, неабходных для гэтага.
Паслугі нефармальнай адукацыі прадстаўляюцца сёння ў асноўным шэрагам няўрадавых грамадскіх арганізацый, бізнес-структурамі і ўстановамі адукацыі.
“Тыдзень нефармальнай адукацыі – 2009” скіраваны не толькі на пашырэнне разнастайнасці адукацыйных прадуктаў, прадстаўленых у Беларусі, але і разнастайнасці арганізацый і экспертаў, якія прадстаўляюць паслугі ў галіне нефармальнай адукацыі.
Мы запрашаем зацікаўленыя арганізацыі, групы і асобных удзельнікаў падаваць заяўкі на правядзенне майстар-класаў, міні-трэнінгаў, прэзентацый, круглых сталоў па пералічаных ніжэй тэмах.
Кожны дзень у межах Тыдня прысвечаны асобнай тэме:
1. Прадстаўляем разнастайнасць: ад танцавальных гурткоў да экспертных семінараў.
2. Нефармальная адукацыя: методыкі, тэхнікі, падыходы.
3. Нефармальная адукацыя: перашкоды і бар’еры на шляху паляпшэння якасці жыцця.
4. Прафесіяналізм і павышэнне кваліфікацыі ў нефармальнай адукацыі: абмен досведам паміж бізнэсам, НДА і царкоўнымі адукацыйнымі ініцыятывамі.
5. Нефармальная адукацыя: пашырэнне кампетэнцый як шлях да паляпшэння якасці жыцця.
6. Нефармальная адукацыя: – унікальнае беларускае «ноў хаў».
7. Разам да паляпшэння якасці жыцця: планы і перспектывы.
Праграма “Тыдня-2009” будзе сфармаваная па выніках разгляду заявак на правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў у межах “Тыдня-2009”.
Прыярытэт у час разгляду заявак будзе аддавацца мерапрыемствам, скіраваным на колькаснае і якаснае пашырэнне мэтавай аўдыторыі “Тыдня нефармальнай адукацыі – 2009”:
• Вітаецца ўдзел максімальна шырокага спектра нефармальнай адукацыі: неўрадавыя арганізацыі, бізнес, царкоўныя адукацыйныя ініцыятывы, трэнеры і эксперты (адукатары).
• Вітаецца і заахвочваецца правядзенне арганізацыямі-прадстаўнікамі мерапрыемстваў для шырокай аўдыторыі з розных рэгіёнаў Беларусі.
• Не вітаюцца (але і не забараняюцца) мерапрыемствы кшталту «НДА для НДА», «бізнес для бізнеса», «эксперты для экспертаў».
Заявкі на ўдзел запаўняйце і дасылайце да 20 жніўня 2009 года
на адрас aha.info@gmail.com з пазначэннем тэмы ліста «Тыдзень-2009»
Для атрымання больш дакладнай інфармацыі альбо тлумачэнняў звяртайцеся да прадстаўнікоў працоўнай групы:
Яніна Зінчанка (м.) +375 29 654 90 48,
Леанід Каліценя (м.) +375 29 776 38 06
Тыдзень нефармальнай адукацыі – 2009
20.08.2009