Мастацкі пленэр “Новы Свет вачыма дзяцей” пройдзе 12 верасня ў мікрараёне Новы Свет.
Плэнэр, які ладзіцца намаганнямі сябраў і валантэраў грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сэктар”, пачнецца з экскурсіі па Новым Свеце, пад час якой удзельнікі даведаюцца пра гісторыю ўзнікнення і развіцця гэтага раёна Гродна, яго ўнікальнасьць і непаўторнасць, вядомых асобаў, якія тут жылі.
Акрамя пазнавальнай вандроўкі па старых утульных вулачках і задавальнення ад творчасці, удзельнікі атрымаюць шанец выйграць падарунак, бо ўсе малюнкі возьмуць удзел у конкурсе.
Журы, якое будзе складацца з жыхароў Новага Свету, гісторыкаў і мастакоў, вызначыць найлепшыя малюнкі, а іх аўтары будуць узнагароджаны каштоўнымі прызамі.
Абвяшчэнне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца пад час адкрыцця выставы на пачатку лістапада. Яна будзе складацца з малюнкаў, зробленых у часе пленэра, сучасных і старых фотаздымкаў Новага Свету і разнастайных рэчаў ад жыхароў гэтага раёна. Кожны наведвальнік выставы зможа атрымаць памятныя паштоўкі з малюнкамі, зробленымі ўдзельнікамі плэнэра.
Каб узяць удзел у мерапрыемстве, неабавязкова быць геніяльным мастаком – галоўнае мець пры сабе жаданне маляваць і любоў да свайго горада, яны абавязкова ўвасобяцца ў што-небудзь прыгожае, няхай і не ўсім зразумелае.
І адзін нюанс: пленэр для дзяцей! Калі вы ўжо не ў дзіцячым узросьце, але адчуваеце сябе дзіцём ці маеце дзяцей – прыходзьце ўсе разам! Толькі папярэдне варта патэлефанаваць да Віталя (+375 29 786 79 33) ці Юлі (+375 29 280 09 14 ) і паведаміць аб сваім жаданні ўдзельнічаць у пленэры, а мы вам скажам дзе і калі сустракаемся.
Нават калі вы не маеце алоўкаў, пэндзляў, фарбы ці паперы – гэта не перашкода і не нагода, каб не прыходзіць. Скажыце, і мы знойдзем для вас усё неабходнае.
Паводле Кронікі грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны
Мастацкі пленэр для дзяцей у Гродне
10.09.2009