Даследчая дзейнасць малодшых вучняў. Гульня

28.01.2010

Даследчая дзейнасць дашкольнікаў і малодшых школьнікаў:
гульня «У дарогу… «

Алена Канановіч

Асаблівасцю дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту з’яўляецца цікаўнасць, самастойны пошук адказаў на пастаўленыя пытанні. Унутранае імкненне дзіцяці да пазнання праз даследаванне стварае перадумовы для арганізацыі даследчай дзейнасці. Нягледзячы на тое, што ў літаратуры шмат інфармацыі па дадзенай тэме, настаўнікі не заўсёды могуць правільна арганізаваць даследчую дзейнасць з вучнямі.

Паспяховая рэалізацыя даследчай дзейнасці магчыма ў тым выпадку, калі настаўнік стварае пэўныя ўмовы.
Для арганізацыі даследчай дзейнасці з групай дзяцей або цэлым класам вельмі важным з’яўляецца магчымасць пастаянна бачыць, на якім з этапаў знаходзіцца кожны з вучняў. Таму цікавым прыёмам мы абралі гульню, якую назвалі “Дарога”.  Чаму дарога? Гэта сімвалічна, бо шлях, які робяць вучні ад выбару тэмы да канчатковага выніку можна параўнаць з сапраўднай дарогай, дзе знаходзяцца дарожныя знакі, інфармацыйныя табло. Прымаючы ўдзел у калектыўнай гульні дзеці захапляюцца складаным працэсам даследчай дзейнасці, пры гэтым актыўна выкарыстоўваюць патрабаванні і правілы гульні.

Для арганізацыі гульні і гульнявой прасторы неабходна стварыць:
• Макет дарогі з лістоў ватману, які пакрыты скотчам (гл. матэрыял прэзентацыі)
• Дарожныя знакі, якія сімвалізуюць этапы даследчай дзейнасці
• Інфармацыйныя знакі (памяткі)
• Сродкі руху: фігуркі аўтамабіляў з надпісамі імёнаў, якія лёгка будзе перасоўваць па макету “дарога”
• Дзённікі назіранняў
• Папкі-партфоліо (для збору інфармацыі)


Правілы “Дарожнага руху”

1. Удзельнік павінен прайсці ўсе этапы гульні ад пачатку і да канца.
2. Час праходжання не абмяжоўваецца.
3. Кожны прыпынак сімвалізуе пройдзены этап даследчай дзейнасці.
4. Вынікі кожнага этапа фіксуюцца і заносяцца ў дзённікі назіранняў.
5. На працягу гульні трэба карыстацца памяткамі, якія знаходзяцца на інфармацыйных знаках.
6. Галоўнае: не трэба спяшацца прайсці ўвесь шлях адразу. Трэба памятаць, што самае каштоўнае, гэта веды, атрыманыя ў час падарожжа.

“Дарожны інструктаж”

Вельмі важным з’яўляецца асэнсаванне папярэдняй работы, матывацыя да ўдзелу ў гульні- даследаванні.

Таму перш за ўсё трэба разабрацца з паняццем “даследаванне”. З апорай на жыццёвы вопыт дзяцей можна звярнуць увагу на такія пытанні:
• Хто такія даследчыкі?
• Дзе і як можна праводзіць даследаванне?
• Як вадзіцелі арыентуюцца на дарозе?
• Як можна зафіксаваць усё тое, аб чым можна даведацца ў час падарожжа і г.д.

Такім чынам, кожны з вучняў уяўляе інфармацыю аб тым, што будзе праводзіць даследаванне, а каб лепш арыентавацца, то трэба адзначаць свой шлях на дарозе транспартным сродкам. Дапамагаць пры гэтым будуць інфармацыйныя знакі.

Рэалізуючы дзейнасць у дадзеным напрамку можа ўзнікнуць шмат пытанняў, цяжкасцей. Але трэба памятаць, што настаўніку не трэба ведаць адказы на ўсе пытанні дзяцей. Толькі сумесны творчы пошук забяспечыць поспех агульнай справы.

Пры дапамозе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі была выдадзена кніга “Арганізацыя даследчай дзейнасці малодшых школьнікаў”, якая змяшчае ў сабе паэтапнае апісанне арганізацыі даследчай дзейнасці з прымяненнем метадаў крытычнага мыслення, а таксама гульні “Дарога”.

Дапаможная прэзентацыя «Як арганізаваць даследчую дзейнасць»