Конкурс «Беларусь гэта...»

13.08.2010

Конкурс “Беларусь гэта…”
У Брэсце распачалася акцыя-конкурс для моладзі «Беларусь гэта...», у межах якой плануецца выпрацаваць найлепшы сімвал Беларусі.
«Культура кожнага народу мае свае сімвалы. Яны прэзентуюць унікальнасць і непаўторнасць кожнай краіны, яе адметныя рысы. Нідэрланды пазнаюць па ветраках і цюльпанах, Аўстралію па кенгуру, Японію па катана і сакэ, Расію па самавару і матрошках. А з чым у замежнікаў, а перадусім у нас саміх, асацыюецца Беларусь? З бульбай, трактарамі - ці наогул ні з чым?»– так распавядае пра сваю ідэю яе арганізатар, жыхар Брэста Віктар Клімус.
Усім ахвотным прапануецца апісаць і даслаць на конкурс сваё бачанне найлепшага сімвалу Беларусі.
Паводле вынікаў конкурсу будзе выраблена сувенірная прадукцыя з сімваламі-пераможцамі. Кожны з актыўных удзельнікаў дыскусіі будзе мець магчымасць атрымаць сабе значак, бірульку ці іншы сувенір з абранай выявай. А аўтары трох найлепшых прэзентацый будуць узнагароджаны.
На конкурс прымаецца тэкст не большы за 12 сказаў. Ён мусіць пачынацца са словаў “Беларусь гэта...”, а далей мець назву і апісанне той рэчы ці з'явы, якой беларусы могуць сапраўды ганарыцца. Тэкст павінен змяшчаць абгрунтаваны адказ на пытанне, чаму гэты сімвал варты пашаны. Прапанаваныя сімвалы могуць быць любымі: прадметы побыту і тэхналогіі рамёстваў, артэфакты розных станавых пластоў і гістарычных эпох, міфалагічныя персанажы і іншыя элементы культуры. Вобразы могуць мець канкрэтнае ўвасабленне альбо быць абстрактнай з'явай. Але яны мусяць быць дакладна беларускія, пажадана ўнікальныя (не мець аналагі ў іншых культурах), і не з'яўляцца дзейнай сімволікай арганізацый і ўстаноў.
Прапановы можна дасылаць на электронны адрас lubluganarus@gmail.com
я інфармацыя – у сацыяльнай сетцы “Укантакце” http://vkontakte.ru/club19072840