Гадуем беларусаў-2: Для сярэдняй школы

24.08.2010


Пабачыла свет другая частка мультымедыйнага метадычнага дапаможніка “Гадуем беларусаў: Для сярэдняй школы”.

“Гадуем беларусаў” – праект, ініцыятарам якога выступіла каманда інфармацыйна-метадычнага сайта Nastaunik.info. Задума зрабіць мультымедыйную складанку для беларускіх настаўнікаў паўстала некалькі год таму, пасля візіту рэдактара Тамары Мацкевіч у беластоцкую школу: “Каб пацешыць прэзентам калегаў, я прыдумала запісаць для кожнага настаўніка дыск з карыснымі для выхавання беларусаў матэрыяламі. Ідэя спадабалася, беластачане назбіралі свае напрацоўкі – прыехаўшы дахаты, я мела ўжо ўдвая болей матэрыялаў!

Неўзабаве простая і трапная ідэя была ўвасоблена ў першай частцы зборніка: “Гадуем беларусаў: Для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў”. Дзякуючы працы больш чым ста аўтараў, у дыск увайшлі канспекты праграмных урокаў і пазакласных заняткаў, п’есы для школьнага тэатра і сцэнары святаў, тэксты для чытання і песні з нотамі, фанаграмы, караоке, дыяфільмы, кліпы, мультфільмы, гульні, размалёўкі і шмат чаго іншага… У дапамогу беларускаму выхавальніку, настаўніку, адукатару быў прапанаваны ўвесь дыяпазон навучальных сродкаў: ад традыцыйных тэкставых і графічных – да сучасных аўдыёвізуальных і мультымедыйных. Нядзіва, што “Гадуем беларусаў-1” стаўся запатрабаваным прадуктам і хутка разышоўся па беларускіх класах, дзіцячых садках, бібліятэках.

Шматлікія карыстальнікі дагэтуль лістуюць укладальнікам, зазначаюць, што дыск зрабіўся іх “настольнай кнігай”, каштоўнай прыладай гадавання чалавека, які з гонарам прамаўляе: “Я – беларус”. Цёплыя словы падзякі, зычэнні і прапановы, водгукі і новыя запыты… Усё гэта натхніла рэдакцыю на дапрацаванае перавыданне першай часткі дыска і – выданне наступнай.

Змест другой часткі мультымедыйнага дапаможніка “Гадуем беларусаў: Для сярэдняй школы” прадвызначаны галоўнай тэндэнцыяй сучаснай адукацыі, калі метады пасіўнага навучання адсоўваюцца на другі план, а прыярытэт надаецца актыўным і інтэрактыўным прыёмам ды падыходам.

Такім чынам, у “Гадуем беларусаў-2” укладальнікі зрабілі акцэнт на метады і сродкі дэмакратычнага ўзаемадзеяння паміж настаўнікам і вучнямі (насуперак звыкламу аўтакратнаму “настаўленню”) – менавіта такі падыход, на нашую думку, найлепш далучае навучэнцаў да новых ведаў, навыкаў, уменняў і каштоўнасцяў. Так, у раздзеле “Метадычная скарбонка” настаўнік знойдзе разгорнуты дапаможнік па інавацыйных метадах і формах навучання: тэхналогія педмайстэрняў, нацыянальнае ўзгадаванне, адукацыя на прыродзе, кааператыўнае навучанне, метад актыўнай ацэнкі, навучальны гурток, народныя гульні… Там жа ён зможа пазнаёміцца з досведам калегаў, якія паспяхова практыкуюць актыўныя метады навучання і выхавання. У раздзеле “Пазакласная праца” змешчаны віктарыны, гульні, апісанні трэнінгаў і семінараў, дапаможнікі па стварэнні школьных гурткоў, фальклорных калектываў, сцэнары школьных святаў – а таксама вершы і спеўнік, які аздобяць любую вучнёўскую імпрэзу. Далучыць навучэнцаў да дэмакратычных каштоўнасцяў дапамогуць матэрыялы раздзелаў “Навучанне дэмакратыі” і “Школьнае самакіраванне”. Па-ранейшаму вялікім блокам прэзентаваны аўдыёвізуальныя навучальныя сродкі: у раздзелах “Аўдыёкнігі”, “Музыка”, “Відэа” выкладзены легендарныя “150 пытанняў па гісторыі Беларусі”, праграмныя творы беларускай літаратуры, навучальныя відэаролікі, анімацыйныя і гульнёвыя фільмы, класічная і сучасная музыка, фанаграмы і караоке. Каштоўнай “рызынкай” музычнага раздзела ўкладальнікі лічаць школьныя песні на вершы Сержука Сокалава-Воюша, напісаныя адмыслова для “Гадуем беларусаў”. Тэчка “Выяўленчае мастацтва” дапаможа вырашыць праблему нагляднасці на ўроках па выяўленчым мастацтве, матэрыялы раздзелу “Вядомыя беларусы свету” прыдадуцца для ўзняцця нацыянальнай самаацэнкі, паспрыяюць разуменню, што “меч і кудзеля продкаў” няўхільна ўплываюць на нашае сённяшняе жыццё…

У стварэнні “Гадуем беларусаў-2” паўдзельнічала больш за 120 чалавек. Рэдакцыя шчыра спадзяецца, што кожны з карыстальнікаў, у сваю чаргу, падзеліцца ўласнымі матэрыяламі і распрацоўкамі з калегамі, бацькамі, аднадумцамі. Дыскі прызначаны для некамерцыйнага карыстання: каб атрымаць “Гадуем беларусаў”, любому адукатару ці адукацыйнай ўстанове дастаткова звярнуцца на адрас info@nastaunik.eu