Стыпендыя Фонду Бадэн-Вюртэмберга: вучоба і практыка ў Германіі
Заяўкі прымаюць чатыры разы на год – да 31 сакавіка, 30 чэрвеня, 30 верасня або 31 снежня
Вы – уладальнік дыплома аб сярэдняй прафесійнай або тэхнічнай адукацыі? Вывучаеце паліталогію, эканоміку, права або займаецеся адміністрацыйнай дзейнасцю? Тады стыпендыя Фонду Бадэн-Вюртэмберга – для вас. Міжнародны вопыт, веды замежнай мовы і разуменне сацыяльных асаблівасцяў іншых краін у век глабалізацыі і ўзаемапранікнення розных культур важныя, як ніколі. Менавіта таму Фонд федэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмберг дае маладым людзям з розных краін магчымасць азнаёміцца з усёй разнастайнасцю жыцця ў Германіі – ад студэнцкіх будняў да практыкі на нямецкіх прадпрыемствах.
Штогод стыпендыю Фонду Бадэн-Вюртэмберга атрымліваюць каля 1200 студэнтаў і маладых спецыялістаў з розных краін. Гэтая праграма набыла шырокую вядомасць у Германіі і за яе межамі.
Практыка на нямецкіх прадпрыемствах
Адна з мэтавых груп стыпендыі Фонду Бадэн-Вюртэмберга – маладыя людзі з сярэдняй прафесійнай або тэхнічнай адукацыяй, якія толькі пачынаюць кар'еру. Дзякуючы падтрымцы фонду, яны могуць прайсці вытворчую практыку на адным з нямецкіх прадпрыемстваў і / ці працягнуць сваю адукацыю ў Германіі. У ліку пераваг стыпендыі – знаёмства са стылем працы на нямецкіх фірмах, удасканаленне ведаў нямецкай мовы, павышэнне прафесійнай кваліфікацыі.
Памер стыпендыі складае ад 800 да 900 еўра ў месяц, ён уключае ў сябе выдаткі на пражыванне, харчаванне і праезд. Пры неабходнасці стыпендыятам даюць магчымасць наведваць моўныя курсы. Дадатковая сума, вылучаемая фондам для гэтай мэты, не перавышае 500 еўра. Стыпендыятам таксама аплачваюць курсы павышэння кваліфікацыі і прадугледжанае практыкай дадатковае навучанне. Час праходжання практыкі складае ад двух да шасці месяцаў, тэрмін навучання – ад двух да адзінаццаці месяцаў.
Галоўнае патрабаванне да суіскальнікаў – дыплом з адзнакай аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Заяўкі на атрыманне стыпендыі можна падаваць толькі да пачатку праходжання практыкі або навучання. Заяўкі прымаюць чатыры разы на год – да 31 сакавіка, 30 чэрвеня, 30 верасня або 31 снежня. У наступныя за гэтымі месяцы камісія вырашае, каму прысудзіць стыпендыю.
Заяўкі трэба адсылаць па адрасе:
Baden-Württembergischer Handwerkstag e.V.
Frau Christina Stier
Heilbronner Str. 43
70191 Stuttgart, Deutschland
Стыпендыя Фонду Бадэн-Вюртэмберга: вучоба і практыка ў Германіі
07.09.2010